Януковіч застаўся без адваката


Абалоньскі раённы суд Кіева задаволіў самаадвод дзяржаўнага абаронцы Віталя Мяшэчкі ў справе аб дзяржаўнай здрадзе былога прэзідэнта.

Пасля задавальнення просьбы абаронцы Януковіча суд даручыў рэгіянальнаму цэнтру па прадстаўленні другаснай прававой дапамогі неадкладна прызначыць новага адваката – то бок, да 6-га верасня, калі адбудзецца наступнае пасяджэнне.

Пракуратура лічыць просьбу аб самаадводзе спробаю зацягнуць працэс. Сам Мяшэчка матываваў сваё рашэнне «асаблівай складанасцю справы».

Януковіч, які ўцёк з краіны, яшчэ 5-га ліпеня адмовіўся ад удзелу ў працэсе і адклікаў уласных адвакатаў.

Абвінавачванне патрабуе пажыццёвага зняволення для Януковіча.

Мяркуецца, што сёння беглы прэзідэнт пражывае ў Растоўскай вобласці Расеі. Януковіча абвінавачваюць, між іншым, у спробе легітымізаваць увядзенне расейскіх войскаў ува Украіну – у прыватнасці, на Крымскі паўвостраў. Адпаведны зварот былы прэзідэнт падпісаў у той жа дзень, калі Вярхоўная рада прыняла рашэнне аб вызваленні Януковіча ад абавязкаў прэзідэнта Украіны.

ДД

Стужка навінаў