Якую дзяўчынку пашкадуюць – добра апранутую ці ў лахманах? Шакуючы відэаэксперымент


Відэа: сацыяльны эксперымент, як людзі ставяцца да дзіцяці ў ахайнай і знішчанай вопратцы

Як ставяцца людзі да прыгожа апранутай дзяўчынкі і дзіцяці ў бруднай вопратцы? Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) зладзіў у Тбілісі сацыяльны эксперымент.

Арганізатары пастанавілі даведацца, як людзі будуць рэагаваць на адну і тую ж дзяўчынку, але апранутую па-рознаму: спачатку 6-гадовая акторка Анана выйшла на вуліцу ў чыстай вопратцы, а потым – у абносках.

Калі дзяўчынка была апранута ў добрую вопратку, людзі спрабавалі ёй дапамагчы, мяркуючы, што яна магла згубіцца. Калі ж малая акторка выглядала як бяздомная, мінакі яе папросту ігнаравалі.

У другой частцы відэа Анана зайшла ў кавярню. Тут рэакцыя людзей была такой жа: калі дзяўчынка была ахайна апранутая, людзі ёй усміхаліся і слухалі, калі ж дзяўчынка была ў бруднай і старой вопратцы – наведнікі кавярні спрабавалі схаваць далей свае сумкі і адварочваліся, а некаторыя нават адганялі яе.

Незнаёмцы былі настолькі жорсткія, што 6-гадовая Анана, нават ведаючы, што гэта проста эксперымент, не вытрымала і выбегла з кавярні ў слязах. «Яны ўсе казалі мне, каб я сышла», – адзначыла малая акторка.

Паводле звестак ЮНІСЕФ, на сённяшні дзень у свеце пражываюць 150 млн бяздомных дзяцей.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў