Якога колеру трускаўкі на гэтым фота?

photo

Гэтую фатаграфію трускаўкавага торту актыўна абмяркоўваюць у інтэрнэце. На першы погляд нічога надзвычайнага: проста здымак дрэннай якасці – магчыма, аўтар перабраў з фільтрамі.

Фота MATT LIEBERMAN / TWITTER

На самай жа справе ўсё некалькі складаней: на малюнку цалкам адсутнічаюць чырвоныя пікселі, але нягледзячы на гэта чалавечае вока ўсё роўна бачыць чырвоныя ягады. Чырвоны колер трускаўкі існуе толькі ў нашым уяўленні: розум падманвае нас, паколькі ягады намаляваныя на блакітным фоне.

У розным асвятленні рэчы і колеры выглядаюць па-рознаму – да прыкладу, пад офіснымі люмінесцэнтнымі лямпамі дзённага святла ці ў мяккім асвятленні гасцінай. Аднак чалавечы мозг самастойна ўносіць праўкі ў малюнак, каб мы па-ранейшаму бачылі трускаўку чырвонай.

Гэтая асаблівасць чалавечага ўспрымання называецца «колерасталасць».

«Ваш мозг кажа: »Крыніца святла, у якой я бачу гэтыя трускаўкі, дадае ім сіні, так што я аўтаматычна выдалю сіні складнік з кожнага пікселя«. А калі вы бераце шэрыя пікселі і выдаляеце сінь, ягады на малюнку здаюцца чырвонымі», – тлумачыць эксперт у галіне колераўспрымання Бэвіл Конвэй у інтэрвʼю сайту Motherboard.

Вядома ж, мы ведаем пра тое, што трускаўкі мусяць быць чырвонымі. І гэта таксама дапамагае розуму скарэктаваць колер малюнка.

Першым фота трускаўкавага торту апублікаваў Акійошы Кітаока.

Затым у абмеркаванні падключыўся Мэт Ліберман. Ён выклаў у сваім Twitter крыху перайначаную карцінку, на якой, тым не менш, таксама не было чырвоных пікселяў.

Многія адгукнуліся на пост Мэтта, дадаўшы да яго малюнку для параўнання шэрыя прастакутнікі. Карсан Мэлл узяў узоры колеру з некалькіх месцаў, якія здаюцца нам чырвонымі, і змясціў іх на белы фон.

А Цім Хатан дадаў шэрую паласу наўпрост на суніцы.

Шэры колер становіцца больш відавочным, калі разгледзіць кожную ягаду асобна ад астатняй карцінкі. Паспрабуйце закрыць фон на фота рукамі.

У 2015 годзе інтэрнэт падзяліўся на два лагеры, якія спрачаліся паміж сабой, якога ж колеру сукенка: сіне-чорная або бела-залатая.

Шэрыя трускаўкі, якія выглядаюць чырвонымі, маюць некалькі іншае тлумачэнне, аднак і ў тым, і ў іншым выпадку гаворка ідзе пра колеракарэкцыю, да якой звяртаецца наш розум у залежнасці ад тыпу асвятлення.

ВД, паводле bbc.com

Глядзі таксама
Каментары