Як жывецца суседзям Беларусі, якія ўступілі ў Еўразвяз?

video

https://www.youtube.com/watch?v=oHJEAoiasQc&feature=youtu.be

Найвялікшае пашырэнне Еўразвязу адбылося 1 траўня 2004 года, калі ў супольнасць увайшлі дзесяць краінаў. Апроч Мальты і Кіпру ў ЕЗ увайшлі былыя краіны сацыялістычнага лагеру. 12 гадоў таму плот на заходняй мяжы Беларусі стаў сцяной.

Заяву на ўступленне ў ЕЗ Польшча склала ў 1994-ым. Перамовы цягнуліся 8 гадоў, у 2002-ім патрабавалася толькі ратыфікацыя дзейных сябраў ЕЗ ды фармальная згода саміх палякаў. Рэферэндум у пытанні ўступлення: 77 % – за, 23 % – супраць. На паралельным плебісцыце ў Літве энтузіястаў ЕЗ было 90 %. За 12 гадоў нашыя суседкі карысталіся шанцам па-рознаму, але здабыткам еўрапейскага сяброўства адназначна стала стабільная гаспадарка, прыемным бонусам – датацыі з цэнтру.

Мацей Заневіч, рэдактар парталу «Eastbook» падкрэсліў: «З бюджэту Еўразвязу ў польскі бюджэт паступіла € 75 млрд. 50 % дзяржаўных інвестыцыяў пакрывалі еўрапейскія фонды. Гэта агромністыя сродкі! Кожны, хто наведаў цягам гэтых 12 гадоў Польшчу, мог гэта заўважыць – гэтыя 11 тыс км аўтастрадаў».

За гады сяброўства ў Еўразвязе ВУП Літвы і сярэдні заробак выраслі ў два разы, але ў два разы вырас таксама і дзяржаўны доўг. Нязначна зменшылася беспрацоўе, і значна – колькасць насельніцтва.

Еўразвяз – гэткае футбольнае поле: гульцы выбіраюць багацейшыя клубы, але і ў маленькіх камандаў шанцаў не менш, чым у грандаў.

«Ніхто не глядзіць з вышыні на маленькую Эстонію, таму што прагрэс, які яна дасягнула – відавочны. І Эстонія – прыклад нават для некаторых скандынаўскіх краінаў», – заўважыў Аляксандр Папко, журналіст Беларускай службы Польскага радыё.

У Польшчы за гэты час вялікія датацыі атрымала транспартная сістэма або сельская гаспадарка, але збанкрутавалі верфі ды шахты.

«Да сёння дзяржава моцна апякуецца шахцёрамі. Можна сказаць, што яны страцілі. Выйгралі прадпрымальнікі і актыўныя людзі», – адзначыў Мацей Заневіч, рэдактар парталу «Eastbook».

Еўразвяз – гэта сяброўства з тымі, хто лепшы і разумнейшы за цябе, ды пэўная гарантыя ад іржы ўладаў. Гэта грошы, адкрытыя межы, але і абавязкі. Айчынныя крытыкі Еўразвязу лаюць бараду Канчыты Вурст, а баяцца празрыстасці сістэмы. Каб стаць сябрам джэнтльменскага клубу патрэбныя не прыродныя рэсурсы, а добрае выхаванне.

«Калі краіна знаходзіцца па-за гэтым клубам, ёй вельмі цяжка прытрымлівацца дэмакратыі, вельмі цяжка не скаціцца ў карупцыю і дыктатуру, вельмі цяжка не скаціцца ў алігархічную эканоміку», – звярнуў увагу Аляксандр Папко, журналіст беларускай службы Польскага радыё.

Восем з дзесяці новых сяброў у 2004 годзе разглядалі ўступленне ў ЕЗ як усталяванне гістарычнае справядлівасці. Адзін з польскіх гісторыкаў нават параўнаў падзею з прыняццем хрысціянства.

«У Еўразвяз ніхто не цягнуў палякаў сілай. Хрышчэнне ж адбывалася ў кожнай дзяржаве агнём і мячом. У 2004-ым гэта, напэўна, быў у пэўнай ступені цывілізацыйны выбар. Уваход у Еўразвяз спрычыніўся да таго, што Польшча перастала быць буфернай дзяржавай паміж Усходам і Захадам, і стала часткаю Захаду», – адзначыў Мацей Заневіч, рэдактар парталу «Eastbook».

Зачыненая пасля 2004-га на заходняй мяжы Беларусі брама – фармальна ў ЕЗ, Шэнген ды НАТА – гэта брама ў сцяне з дэмакратыяй ды прававымі дзяржавамі. Яе не разбіваюць кувалдай і не пералазяць уночы, а ветліва грукаюцца.

Матэрыял праграмы «ПраСвет», які выходзіць на «Белсаце» ў пятніцы а 21:40. Іншыя тэмы ў апошнім выданні «ПраСвету»: як Паўночнаатлантычны Альянс збіраецца абараніць суседзяў Беларусі ад Расеі; чыя перамога 9 траўня; чаму мы не ведаем усёй праўды пра Беларусь у Другой сусветнай вайне; чаму Барак Оўбама развітваецца весела.

https://www.youtube.com/watch?v=M0elH7zIWE4

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары