Як вымірае беларуская вёска


https://www.youtube.com/watch?v=xl3uU-0aYEs

Шыльда з назваю вёскі адсутнічае, ды і самой вёскі бадай няма. Колішнія 100 двароў, з фермай, клубам і воданапорнай вежаю – сёння Казанаўка ў Рэчыцкім раёне больш нагадвае паселішча-прывід з некалькімі хатамі.

Сярод самотных жыхароў – і спадарыня Ніна, якая стала сведкай росквіту і заняпаду сяла. Цяпер жа амаль адрэзаная ад цывілізацыі на ўскрайку некалі шумнай вёскі.

«Тэлефоны ёсць, выклікай хуткую, ды толькі лепш не хварэць. Прыедзе хуткая, але неяк чакалі-чакалі, няма той хутка. Яны кажуць тут кусты, думалі няма нідзе нічога», – распавядае Ніна Пінчук, жыхарка Казанаўкі.

Ды аўталаўка два разы на тыдзень, а аўтобус – за тры кіламетры ў суседняй вёсцы. А няма жыцця – значыць, за працу бярэцца экскаватар.

Цяпер спадарыня Ніна марыць вырвацца з глухіх мясцінаў і атрымаць прынамсі пакойчык у Рэчыцы.

«А я б аддала хату, знаю кожная з нас аддала б гэтую хату, каб толькі далі другое жыццё», – прызнаецца Ніна Пінчук.

Аднак, са словаў бабулі, у Заспенскім сельсавеце ў дапамозе адмовілі. Там жа нам паведамілі, што Ніна Пінчук да іх не звярталася і зʼяджаць нібыта не хоча. Выміранне вёскі ж тлумачаць яе аддаленасцю і «бесперспектыўнасцю».

«Няма вытворчасцяў, няма дзе працаваць, школы няма, садкоў няма, крамаў няма, таму і адмірае, сыходзіць у мінулае», – тлумачыць Любоў Бышык, кіраўніца справамі Заспенскага сельсавету.

І такіх вёсак без будучыні ў ваколіцы прынамсі пяць. А колькі іх на Гомельшчыне і ва ўсёй Беларусі?

«Людзей дзяржава кідае на выжыванне з прыродаю сам на сам, не дбаюць пра старых, якія не могуць на сённяшні дзень паклапаціцца ўласнаруч», – зазначае Іна Манянкова, актывістка «Гавары праўду».

Апусцелыя беларускія пасяленні фактычна трапілі ў закладнікі ўрбанізацыі: па лепшае жыццё людзі бягуць у гарады. Паводле статыстыкі, толькі ¼ частка насельніцтва ў сённяшняй Беларусі жыве ў вёсках. І паслядоўнага плану ратавання сяла ўлады, відаць, не маюць.

Таццяна Рэут, Белсат

Глядзі таксама
Каментары