Як у Горадні рамантуюць царкву ХІІ ст. Фотарэпартаж


Праект рамонту драўлянай сцяны Каложы распрацоўваўся яшчэ з 2015-га году. Апошнім часам Каложская царква ХІІ ст. у Горадні стаяла ў перадаварыйным стане, што выклікала вялікую занепакоенасць настаяцеля і прыхаджанаў. Аднак з рамонтам вырашылі не спяшацца, каб не нашкодзіць адной з самых каштоўных архітэктурных пярлінаў Беларусі.

Будаўнікі разабралі драўляную сцяну, паднялі яе і наноў уцяпляюць

Згодна з рамонтным планам, зацверджаным Міністэрствам культуры Беларусі, было вырашана цалкам адрамантаваць драўляную сцяну. Тры тыдні таму ААТ Гроднажылбуд распачаў першыя працы над сцяной.

«Пакінем толькі каркас, які потым звонку будзе абшывацца тэрмамадыфікаванай сасной без доступу паветра. Гэтая сасна не паддаецца вільгаці, пасля яна пакрыюць двума слаямі масла. І потым ужо будзе дабудоўвацца сцяна. Раней унутры была падобная абшыўка – вагонка, потым ужо зрабілі ўцяпленне», – тлумачыць адзін з будаўнікоў.

Паводле працаўніка, каркас сцяны, якому 120 гадоў, ніхто не чапаў. Акрамя таго, адной з галоўных задачаў будаўнікоў было выраўняць сцяну і падняць яе крыху вышэй.

«Працы, якія вяліся тут раней, не прадугледжвалі пад’ём сцяны. Яна, як была перакрыўленая, гэтак і заставалася. Яе ўцяплялі і абшывалі дадаткова. Перад намі паставілі задачу прывесці яе ў вертыкальны стан, таму што сцяна прасела. Вышыня, на якую мы ўжо яе паднялі – 23 см», – распавядае будаўнік.

Як распавёў гісторык Аляксандр Краўцэвіч, аўтэнтычная сцяна Каложскай царквы абрынулася ў Нёман яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. замест яе дабудавалі драўляную сцяну з лягчэйшага матэрыялу, каб будынак зноўку не абрынуўся з гары.

«У сярэдзіне ХІХ ст. Нёман падмыў бераг, і хоць гэта была святыня на ўзроўні Расейскай імперыі, сведчанне праваслаўя на гэтых землях, толькі тады ўлады заняліся гэтай царквою. І асабіста цар пісаў загад, каб умацаваць бераг і дабудаваць царкву, якой засталося менш за палову. Але што цікава, паспрабуйце ў якім-небудзь нашым сучасным доме палову адваліць, другая палова не будзе стаяць – а гэта стаіць», – зазначае гісторык.

Глядзіце ўсе фота:

Пашпарт аб’екту
Працы над новай сцяною
Барыса-Глебская (Каложская) царква ў Горадні

«Рамонт вельмі патрэбны і я бачу, што праваслаўныя святары, якія адказваюць за гэту царкву, вельмі далікатна і, на маю думку, навукова падыходзяць да гэтай справы. Яны праводзілі канферэнцыі, кансультацыі. І дрэва, яно мае свой тэрмін службы, канешне гэтае трэба замяняць. Галоўны прынцып у рэканструкцыі вытрыманы – не нашкодзіць» – дадае Аляксандр Краўцэвіч.

Рамонтныя працы плануецца завершыць да канца снежня.

ПВ, фота Васіль Малчанаў, belsat.eu

Стужка навінаў