Як стварыць радавое дрэва? І як зразумець па ім, які ты беларус?


Знайсці фотаздымкі пачатку 20-га стагоддзя, выйсці на кантакт з дальнімі родзічамі, пакапацца ў архівах адкрытых дадзеных – першыя дзеянні, што павінна зрабіць асоба, якая шукае спосаб захаваць памяць аб продках. Леся Пчолка, мастачка і заснавальніца праекту VEHA, што стварае радавыя кнігі беларусаў, падзялілася з belsat.eu сакрэтамі сваёй методыкі.

Стварэнне радаводу сям’і – гэта сапраўднае дэтэктыўнае расследаванне. Прафесійныя генеолагі бяруць за такую працу вялікія грошы і выдаткоўваюць месяцы на яе выкананне. Намаляваць радавое дрэва самому – рэальна, калі сістэматызаваць высілкі і ведаць, што шукаеш. Леся Пчолка распавядае, што фундамент дрэва – гісторыю роду за 150-200 гадоў, можна скласці на аснове дадзеных, якія ёсць у любой сям’і.

З чаго пачаць?

Фотаздымак з прыватнага архіву Лесі Пчолкі

Знайдзіце стары сямейны архіў фотаздымкаў. Гэта – найлепшыя дакументы, на якія можна абапірацца, бо фота – гэта тое, што сапраўды было. Гісторыя фатаграфіі ў Беларусі налічвае прыкладна 150 гадоў, калі яна сталі даступная і папулярная на нашай тэрыторыі.

Фотаздымкі раскладзіце на стосікі па галінах роду і пакаленнях. Паспрабуйце вызначыць, хто на фота, дзе адбываюцца падзеі. Асобна пакладзіце тыя выявы, пра якія вы нічога не ведаеце. І з гэтым упарадкаваным фотаархівам кіруйцеся да родных, якія могуць распавесці болей.

«Калі вы папросіце бабулю проста распавесці пра сваё жыццё, ёй будзе вельмі складана, бо не будзе вехаў, якія накіроўваюць расповед. Калі ж паказаць бабулі фотаздымак, то так ці іначай усплываюць імёны, падзеі, даты, абставіны», – кажа Леся Пчолка.

Што можна ўбачыць на фотаздымку?

Фота з прыватнага архіву Лесі Пчолкі

Нават калі фотаздымак непадпісаны, з яго можна выцягнуць шмат інфармацыі. Папера і спосаб друку распавядуць прыкладны адрэзак часу, калі ён быў зроблены. Вопратка, вонкавы выгляд людзей, форма або дэталі інтэр’еру таксама ўдакладняць дату і падзею.

«У Беларусі ёсць асаблівасць, звязаная з гістарычнымі падзеямі 20-га стагоддзя. Шмат хто адмыслова знішчаў фотаздымкі і іншыя дадзеныя аб сваіх продках, якія маглі належаць да арыстакратыі або былі рэпрэсаваныя. У Беларусі гэтыя падзеі закранулі кожную сям’ю. І калі вы будзеце размаўляць з роднымі, то вельмі цікава паглядзець на тое, як розныя людзі па-рознаму гэта інтэрпрэтуюць», – кажа даследчыца.

Фотаздымкі з часам губляюць якасць, святлеюць. Каб захаваць іх, найлепш зрабіць лічбавыя і папяровыя копіі, і далей працаваць ужо з імі. Арыгіналы ж фотаздымкаў трэба абгарнуць безкіслотнай паперай, або пакласці ў капэрты без утрымання клею, і захоўваць у сухім, цёмным месцы. Падпісвайце фотаздымкі алоўкам, а не асадкай, бо чарніла могуць з часам праяўляцца на іншым баку.

Размаўляем з роднымі

Леся Пчолка, мастачка, каардынатарка праекту http://veha.of.by/

Цяпер надышоў час нарэшце пазнаёміцца са стрыечнай сястрой вашага памерлага прадзеда. Запытацца, што яна памятае пра сям’ю. Магчыма, у яе таксама ёсць архіў фотаздымкаў, дзе хаваюцца каштоўныя для вашай сям’і выявы. Раней існавала традыцыя абменьвацца фотаздымкамі, дасылаць копіі родным.

Усе вусныя расповеды трэба запісваць на дыктафон і пераводзіць у тэкст. Іначай важныя дробязі могуць згубіцца ў памяці, калі вашая праца над архівам зацягнецца на нейкі час.

«У працэсе такіх размоваў часта ўсплываюць дзявочыя прозвішчы, якія звычайна ніхто не памятае», – кажа Леся Пчолка. У межах сваіх даследаванняў VEHA праводзіць інтэрв’ю з роднымі два разы – на пачатку даследавання і яшчэ раз пазней, для ўдакладнення.

Занатоўвайце ўсё. Гісторыі, хто як перажыў вайну, рэцэпты, сямейныя традыцыі. Такой інфармацыі вы ніколі не знойдзеце ў архівах ці спісах. Там толькі сухія дадзеныя. Але менавіта гэтыя вусныя сведчанні і ёсць тая гісторыя роду, якую патрэбна найперш захаваць для нашчадкаў.

Экскурсія на могілкі

Пасля размоваў з роднымі і апісання фотаздымкаў можна накіравацца на могілкі, калі месца пахавання вядомае. Часцей за ўсё, калі сям’я жыла ў адной мясцовасці, то некалькі пакаленняў могуць быць пахаваныя ў адным месцы.

«Могілкі – гэта самы даступны архіў. Там заўсёды ёсць дакладныя дадзеныя. А на магільных плітах напісаная вельмі важная інфармацыя: імя, прозвішча і імя па бацьку. А імя па бацьку – гэта плюс яшчэ адно звяно ў вашым ланцужку», – кажа Леся Пчолка.

Таксама можна пахадзіць вакол з тымі фотаздымкамі, што вы адклалі ў стосік да невядомых. Асобаў з гэтых фота можна сустрэць на суседніх ад вашых родных надмагільных помніках.

Пошук у інтэрнэце

Скрыншот з сайту myheritage.com

У сеціве існуе шмат сайтаў з адкрытымі дадзенымі і спісамі. Большасцю сваёй у іх платны кантэнт, але першасную інфармацыю можна паспрабаваць знайсці ў вольным доступе. Наша суразмоўца параіла для беларусаў сайт MyHeritage.com, дзе можна пабудаваць сваё дрэва і нават знайсці супадзенні з іншымі дрэвамі. Ancestry.com – сайт для тых беларусаў, чые родныя на пачатку 20-га стагоддзя ехалі на заробкі ў ЗША, FamilySearch.org – база метрычных дадзеных касцёльных кнігаў, а таксама расейскія базы дадзеных pamyat-naroda.ru, obd.memorial.ru, lists.memo.ru.

Спрабуйце ўводзіць розныя варыянты прозвішча, бо канчаткі, транслітарацыя маглі змяняцца. Паспрабуйце лацінку, беларускую лацінку, кірыліцу.

У гэтых спісах могуць быць недакладныя звесткі пра дату нараджэння. Прыкладам, у касцельных кнігах запісвалася дата хрышчэння, якая магла адрознівацца ад даты нараджэння на некалькі гадоў. У такім выпадку добра ведаць хросных маці і бацьку, якіх таксама запісвалі пры хрышчэнні.

Метрычныя дадзеныя

Усе гэтыя высілкі: апісанне фотаздымкаў, размовы з роднымі, падарожжа на могілкі і пошук у інтэрнэце патрэбныя для таго, каб скласці на кожнага кроўнага роднага метрычную карту – аснову любога радавога дрэва.

У метрычную карту заносяцца наступныя дадзеныя: імя і прозвішча, дата і месца нараджэння, імя і прозвішча бацькоў, родных братоў і сясцёр, рэлігійная прыналежнасць, саслоўе, маёмасць і месцы жыцця, навучання, працы або службы, прыналежнасць да войска, удзел у войнах і гістарычных падзеях, узнагароды, месца і дата смерці, месца пахавання.

«Не ўсе хочуць укладаць такую падрабязную інфармацыю. Асабліва калі гэта былі нейкія страшныя падзеі, – кажа Леся Пчолка. Шмат хто адмаўляецца ўносіць у дрэва дадзеныя пра смерць родных, калі гэта была нейкая хвароба або самагубства.

«Але гэта насамрэч вельмі важна. Калі мы глядзім на нейкія трагічныя падзеі, стрэсы генеалагічнай галіны, то бачна, што яны закладаюцца ледзь не на ўзроўні ДНК. Гэта гучыць містычна, але гэта сапраўды так. Існуе ўзаемасувязь пакаленняў. Гэта датычыцца маёмасці, шлюбаў – хто каго выбірае. Выглядае дзіўна, але менавіта па гэтай прычыне не трэба фільтраваць інфармацыю, а запісваць усё, што было з сям’ёй. Калі чалавек ведае сваю гісторыю, ён бачыць больш, і можа па-іншаму адносіцца да гэтых падзеяў, аналізаваць».

Візуалізацыя

Фота http://veha.of.by/

На нейкім этапе, калі даступныя метрычныя дадзеныя знойдзеныя і запісаныя ў карты на кожнага чальца сям’і, лепш спыніцца ў пошуках і паспрабаваць візуалізаваць тое, што ўжо ёсць.

«Тое, што знаходзіцца па-за вуснай і візуальнай гісторыяй вашай сям’і – гэта толькі сухія звесткі. Галоўнае сабраць вось гэтую частку – 150 – 200 гадоў, і пераўтварыць яе ў прыгожую форму», – кажа Леся Пчолка.

Класічнае дрэва будуецца звычайна для двух галінаў – па бацьку і па маці, уключае звесткі на ўсіх кроўных родных, якія раскладаюцца па пакаленнях.

VEHA ў якасці візуалізацыі робяць радавыя кнігі, куды ўключаецца, як па главах, гісторыя сям’і. З 31 сакавіка яны запускаюць адмысловы курс па стварэнні радавога дрэва, падчас якога ўдзельнікі будуць самі шукаць звесткі пра сваіх родных з дапамогай экспертаў і пры магчымасці персанальных кансультацый.

«Калі зараз не заняцца гэтым, то складана будзе зразумець на самой справе, хто мы такія, беларусы. Ці ёсць у нас якое-небудзь мінулае, – распавядае каардынатарка праекту. Часта ў нас, беларусаў, ёсць комплекс, што ў літаратуры беларус – гэта мужык у лапцях. І мала хто хоча сябе атаясамліваць з ім, усе шукаюць нейкія шляхецкія карані. Але ў нас ёсць выдатныя традыцыі сельскага жыцця, культуры, паганства. Часам беларусы выглядаюць больш духоўнымі, чым усе астатнія нашыя суседзі або еўрапейскія нацыі. Чаму не атаясамліваць сябе з гэтым чалавекам, які мог жыць у гармоніі з прыродай і ствараць цудоўныя рэчы? І не трэба нам шукаць арыстакратыю, бо калі паглядзець на радавыя дрэвы беларусаў, то разумееш, што народ наш унікальны, надзвычайны».

Ці ёсць сэнс ісці ў дзяржаўныя архівы?

Калі хочацца здабыць яшчэ больш падрабязнасцяў, або выкапаць нейкую адмысловую інфармацыю, то можна звярнуцца ў дзяржаўныя архівы.

Аднак, гэта трэба рабіць толькі калі добра ведаеш, што шукаць і дзе. Для гэтага напачатку патрэбна сабраць мінімальныя звесткі і разумець, што калі вашыя продкі былі рэпрэсаваныя, то трэба шукаць у архівах па рэпрэсіях. Калі яны служылі, то ў якім войску і ў якія гады. Іначай можна выдаткаваць шмат грошай і часу, бадзяючыся па дзяржаўных архівах, якія дагэтуль у Беларусі не алічбаваныя.

Фота з прыватнага архіву Лесі Пчолкі

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары