Як нашчадак шляхты прадаў супермаркет, каб напісаць кнігу пра беларускія вёскі

photo

Пётр Карвэцкі на прыступках касцёла ў Солах, фундатарамі якога былі ягоныя сваякі. Фота з асабістага архіву

Пётр Карвэцкі – першы прадстаўнік свайго роду, які нарадзіўся па-за землямі былога Вялікага княства Літоўскага. Цяпер ён жыве пад Варшавай і рыхтуе да друку кнігу пра сваіх продкаў ды шляхецкія ваколіцы ў сённяшняй Беларусі. У сваёй працы ён распавядае пра мінуўшчыну, здрады інтрыгі і нават секс на Ашмяншчыне.

Бацькава таямніца

У маладосці Пётр марыў стаць мараком ды атрымаў адукацыю навігатара, але сапраўдны поспех ён дасягнуў у іншай галіне – у бізнесе. Стаўшы ўладальнікам вялікага супермаркету, прадпрымальнік не забываў і пра адпачынак, выязджаючы ў падарожжы ў розныя куткі свету.

10 гадоў таму адна з такіх паездак, гэтым разам у Беларусь, адкуль паходзіў ягоны бацька Францішак Карвэцкі, цалкам змяніла ягонае жыццё.

«Тая вандроўка пераарыентавала мае прыярытэты, змяніла падыход да шмат якіх справаў. Тады распачаліся мае вялікія прыгоды, падчас якіх я адкрываў гісторыю, людзей, запісваў успаміны і працаваў у архівах. Гэтыя прыгоды трываюць аж па сённяшні дзень», – распавядае Пётр.

Да падарожжа за ўсходнюю мяжу Польшчы Пятра падштурхнула таямнічая аўра, якая атачала ягонага бацьку Францішка. «Мой тата памёр, калі мне было 7 гадоў, – дадае падарожнік. – Ён проста не паспеў мне ўсяго пра сябе расказаць. Загадка ягонага лёсу прымусіла мяне аднойчы ўсё адкласці на бок і заняцца пошукам каранёў».

Пётр ведаў дастаткова мала: бацька нарадзіўся ў вёсцы Асіпаны былога Ашмянскага павету ў цяперашняй Беларусі, адкуль пасля ІІ сусветнай вайны выехаў у Польшчу, дзе ажаніўся з мясцовай кабетай.

Францішак Карвэцкі – бацька Пятра
Францішак Карвэцкі – бацька Пятра

Упершыню ў Беларусі і… здзіўленне

На паездку за Буг не згаджалася аднак жонка Пятра – Ева, якая асцерагалася рэжыму Лукашэнкі, міліцыі, паўсюдных агентаў КДБ і арыштаў пасярод дарогі.

Пасля намоваў Пятра Ева аднак здалася. У Беларусі ж кабета нечакана адкрыла для сябе, што яе з мужам ніхто не кантралюе. «Рэаліі, якія мы там пабачылі, цалкам адрозніваліся ад таго, што мы ўяўлялі на падставе паведамленняў у польскіх медыях, – распавядае Пётр. – У Беларусі нас чакалі зусім неблагія дарогі, там была даволі нармальная эканоміка, па-за сферай сельскай гаспадаркі. Нас ніхто не спрабаваў арыштаваць, ніхто не сачыў, наадварот нам дапамагалі ў дарозе, на мяжы дапамаглі запоўніць дэкларацыю. Нас уразіла гэтак вялікая зычлівасць з боку беларусаў».

Пётр не ведаў, дзе канкрэтна ляжыць вёска ягонага бацькі Асіпаны ды роднае селішча дзеда – Поцевічы. У дарозе з Ашмян у Смаргонь, назвы якіх ён памятаў з ранейшых сямейных размоваў, Пётр выпадкова пабачыў шыльду з назвай «Поцевічы» і, не раздумваючы, павярнуў у той бок.

Выбіранне бульбы са склепу ў Поцевічах

Першыя жыхары, якіх Ева і Пётр спаткалі, працавалі ў полі. «Былі там хусткі на галовах, сандалі – такая вельмі беларуская атмасфера, – узгадвае Пётр свае першыя ўражанні. – Я запытаўся, ці тут жывуць якія-кольвек Карвэцкія, бо некалі, падобна, жылі. «А тут усе Карвэцкія», – пачуў я адказ на беларускай мове».

Першыя адкрыцці

Пастукаўшы ў дзверы першай жа хаты, Пётр і Ева пазнаёміліся са сваймі далёкімі сваякамі – Зэнькам і Геняй Карвэцкімі. Госці з Польшчы мелі вельмі недакладныя звесткі пра сваіх продкаў, але ў Поцевічах гэтыя факты ўпарадкаваліся.

Дзед Пятра – Адольф Карвэцкі, бяднейшы за сваю маладую жонку, мусіў пайсці да яе ў прымакі ў блізкія Асіпаны. Праз некаторы час ягоная абранніца памерла, асіраціўшы некалькі дзяцей. Каб апекавацца малымі, з кляштару ў Вільні вярнулася сястра Адольфа – Алімпія, якая вяла там манаскае жыццё. Алімпія, якую вяскоўцы клікалі Улімай, пазнаёміла брата са сваёй прыяцелькай, якая дагэтуль працавала ў кляштары пакаёўкай. Маладзіца ўпала ў вока Адольфу і хутка справілі вяселле. З іхнага шлюбу нарадзіўся Францішак – бацька Пятра.

Выявілася, што падчас ІІ сусветнай вайны Францішак мог быць у адным з аддзелаў польскай Арміі Краёвай, якая змагаліся з акупантамі на Віленшчыне. Сваёй жонцы ён расказваў пазней, што пасля вайны яго схапілі чырвонаармейцы, трымалі ў нейкім часовым лагеры, катавалі, падвешвалі на слупе за рукі, туга завязаныя за спіной.

Пётр Карвэцкі (злева) і ягоны сваяк Зэнька Карвэцкі з Поцевічаў (справа)

Як бацька стрэліў у савецкага жаўнера

«Сям’я выцягнула яго неяк з лагеру, пасля чаго ён хаваўся ў зямлянцы, а ў лютым 1945 года з падробленымі дакументамі, у якіх зменшыў сабе ўзрост, каб не забралі ў Чырвоную Армію, разам з маткай і пляменнікам выехаў у Польшчу. Спачатку быў на этапе ў Беластоку, пазней трапіў на землі, якія Польшча атрымала ад Нямеччыны пасля вайны. Не зусім вядома, што ён рабіў з 1945 да 1949 года. У тайных дакументах польскіх спецслужбаў гаворыцца, што нейкі Францішак Карвэцкі з 5-ай Віленскай брыгады АК пад псеўданімам «Агнешка» змагаўся пасля вайны ў падполлі супраць камуністычных уладаў Польшчы. Вельмі імаверна, што вядзецца пра майго бацьку», – мяркуе Пётр.

Паводле ж пляменніка Францішка Карвэцкага, які разам з ім уцёк у Польшчу, ягоны дзядзька заўсёды насіў пры сабе зброю. Юнак, да прыкладу, стаўся сведкам, як у 1949 годзе Францішак выхапіў з-за пазухі рэвальвер і стрэльнуў у савецкага жаўнера, калі той спрабаваў абшукаць ураджэнца Ашмяншчыны. Францішка не схапілі, ён уцёк, але гісторыю пра гэтае здарэнне ўтойвалі яшчэ шмат гадоў нават пасля смерці Францішка.

Сям’я Адольфа Карвэцкага – дзеда Пятра – у Асіпанах

Запаленне лёгкіх, але адкуль дзіркі ў целе?

Аднаго з братоў Францішка – Уладзіслава, які застаўся пасля вайны ў Беларусі, трымалі ў часовым лагеры ў Барысаве, спрабавалі забраць у Чырвоную Армію, але ён усяляк адмаўляўся. Калі ж яго ды іншых арыштаваных пастрашылі лагерам у Сібіры, ён згадзіўся. У савецкім войску дайшоў да Берліну, а калі вярнуўся пасля дэмабілізацыі, то не змог выехаць у Польшчу. «Вы ж савецкі грамадзянін, вы ж былі ў Чырвонай Арміі», – казалі яму савецкія чыноўнікі.

Пэўнага дня дзеці Уладзіслава пабачылі нежывога бацьку на лаве. Маці сказала ім, што прывезла яго з лякарні, дзе той памёр ад запалення лёгкіх. Аднак нехта з дзяцей пазней пабачыў, што ў бацькавых грудзях былі тры дзіркі. Пётр мяркуе, што ягоны дзядзька мог быць антысавецкім партызанам ды імаверна загінуў у перастрэлцы.

Уладзіслаў Карвэцкі – дзядзька Пятра
Уладзіслаў Карвэцкі – дзядзька Пятра

«Я асабіста лічу, беручы пад увагу дзіркі ў грудзях, што нябожчыка прывезлі дадому ягоныя паплечнікі, а маці мусіла сказаць дзецям пра шпіталь, каб тыя не прагаварыліся пра сапраўдную прычыну смерці. За такое тады высылалі ў Казахстан ці Сібір», – кажа Пётр ды дадае, што гэта гэта было ў 1949 годзе, калі ў Заходняй Беларусі ўзмацнілася гвалтоўная калектывізацыя ды адпаведна ўзрос супраціў мясцовага насельніцтва.

У сваёй самай любімай цяпер вёсцы ў Беларусі, у Поцевічах, Пётр даведаўся, што сястра ягонага дзядулі Алімпія была адной з фундатарак касцёла ў Солах, ейнае прозвішча дагэтуль віднее на адмысловай шыльдзе на сцяне святыні. Падчас савецкага пераследу рэлігіі Алімпія патаемна вучыла мясцовых дзяцей малітвам, рыхтавала да першага Прычасця. Шматлікім людзям з наваколля Алімпія была кумою – вяскоўцы ахвотна запрашалі кабету стаць хроснаю маткай для іх дзяцей. Да канца жыцця Алімпія трымала ў сваім пакоі побач з малітоўнікам людскі чэрап, каб не забывацца пра смерць.

Касцёл у Солах, фендатарамі якога былі продкі Пятра Карвэцкага

Шляхецкія карані

Далейшыя пошукі сваіх каранёў Пётр працягваў ужо ў Польшчы. «Спачатку я перакапаў фотакопіі метрычных кніг у святыні мармонаў у Варшаве. Мармоны маюць такую місію, што збіраюць метрычныя кнігі з усяго свету. Потым я шукаў у архівах у Вільні і Менску», – расказвае Пётр.

Спачатку ён нават не падазраваў, што належыць да шляхецкага роду. «У архіве ў Вільні для мяне вялізным адкрыццём было, што род Карвэцкіх-Рымшаў меў права да гербаў «Газдава» і «Лебедзь», – прызнаецца даследчык.

Яму ўдалося высветліць, што ў пачатку XVIII стагоддзя адзін з прадстаўнікоў роду Карвэцкі перасяліўся з Ашмянскага павету ў Полацкае ваяводства – у Себеж, які быў апошняй крэпасцю Вялікага княства на мяжы з Расеяй. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Себеж адышоў да Расеі, у 1919 годзе ўвайшоў у склад БССР, але маскоўскія бальшавікі далучылі яго да Расеі.

Пасля войнаў альбо паморкаў уладальнікі зямлі, якой не было каму абрабляць, стараліся набыць рабочую сілу, абвінавачваючы сваіх суседзяў у адсутнасці шляхецтва. Калі абвінавачаны не меў дакументаў альбо не змог знайсці шасці сведкаў, якія б пацвердзілі яго паходжанне, то ён станавіўся падданым. Імаверна, падобная сітуацыя мела месца ў Себежы, бо Томаш Карвэцкі мусіў выехаць да сваёй сям’і ў Ашмянскім павеце па граматы, якія б пацвярджалі шляхецтва. Дагэтуль тыя дакументы ёсць у Пскоўскім архіве.

Касцёл у Жупранах недалёка ад Поцевічаў

Містыка пошукаў

Пётр падкрэслівае, што часта ў ягоных пошуках яго суправаджала вялізнае шчасце. Ён даведаўся, напрыклад, што ў бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэту захоўваецца шматтомнае выданне з апісаннямі архіўных дакументаў, якія датычаць паасобных родаў. Калі Пётр прыйшоў у бібліятэку, то не мог паверыць сваім вачам – апошні том гэтага даследавання заканчваўся менавіта на прозвішчы «Карвэцкі» ды выйшаў 1-га верасня 1939 года – у першы дзень ІІ сусветнай вайны. «Для мяне гэта была нейкая містыка, Божы палец», – прызнаецца нашчадак ашмянскай шляхты.

Аднаўленне радаводу не было для Пётра аднак вельмі лёгкай справай, бо, як зазначае, шмат старых кніг спалілі ў Ашмянах жаўнеры напалеонаўскага войска падчас адступлення з Масквы ў 1812 годзе – кастрамі яны ратаваліся ад лютага марозу.

Перагартаўшы бясконцую колькасць дакументаў, Пётр прыйшоў да высновы, што ўсе Карвэцкія паходзілі з-пад Ашмян. «Ёсць там шмат назваў, якія маюць гэткі ж корань: Карвец, Карвелішкі і гэтак далей», – пералічае шукальнік.

Род Карвэцкіх вядомы з XVIII стагоддзя, але Пётр лічыць яго нашмат старэйшым, мяркуючы, што раней ягоныя продкі насілі прозвішча Рымшаў ці Рамшаў.

«Шляхецкая сям’я, перабіраючыся ў новы фальварак, магла ўжо прадстаўляцца ад назвы свайго маёнтку, каб адрознівацца ад іншых сваякоў. Гэтак Рымшы, перасяліўшыся ў Карвец на Ашмяншчыне, маглі называцца Рымшамі-Карвэцкімі. З часам шляхцюкі з гэтага месца пачалі называцца толькі Карвэцкімі, лічачы старэйшае прозвішча Рымшам усяго толькі прыдомкам», – сцвярджае даследнік.

Геня Карвэцкая з Беларусі (злева) і Ева Карвэцкая з Польшчы (справа)

Мурашкі па плячах

Шукаючы радавое гняздо Карвец, Пётр таксама судакрануўся, як мяркуе, з містыкай.

Падчас аднаго з чарговых выездаў у Беларусь, нашчадак старога роду разам з жонкаю завітаў у Каменны Лог на мяжы з Літвою. На падставе згадак у дакументах Пётр меркаваў, што недалёка адсюль можа знаходзіцца прарадзіма ўсіх Карвэцкіх. Аднак ніхто з мясцовых жыхароў не быў у стане паказаць, дзе мог бы быць Карвец. Урэшце падарожнікам параілі звярнуцца да 90-гадовага дзядулі.

«Калі мы ўвайшлі ў хату, я прывітаўся словамі «Шчасці, Божа», а дзядуля кажа ў адказ: «Пан, пэўна, прыехаў шукаць Карвец?» Я пытаюся: «А адкуль вы ведаеце?» Дзядок адказвае: «Я ведаў, я быў перакананы, што пан прыедзе, далібог». Пасля такіх словаў, прызнаецца Пётр, па ягоных плячах пабеглі мурашкі.

«Нейкая містыка, нешта зусім невытлумачальнае», – расказвае прадстаўнік роду Карвэцкіх.

Да Карвеца Пётр з жонкаю мусілі ісці пехатою, пакінуўшы машыну, бо дарога акурат размокла. Разгаварыўшыся па дарозе з дзядулем, даведаліся, што ён быў сваяком апошняга ўладальніка Карвеца – пана Заянкоўскага, які купіў гэты кавалак зямлі ў міжваенны перыяд, чым вельмі ганарыўся, бо стаўся гаспадаром даўняга літоўскага маёнтку. «На месцы Карвеца цяпер вялікая паляна, навокал якой растуць таўшчэзныя дубы. Ёсць там сутарэнні, куды вядуць па-майстэрску зробленыя мураваныя сходы. Больш там нічога не захавалася», – кажа Пётр.

Ашмяншчына. Фота Віктара Шукеловіча

Як беларускі вясковец стаў фурманам імператара

Адна пачутая ім гісторыя кіравала да наступнай. Разам з гісторыяй сваіх продкаў мужчына адкрываў таксама мінулае вёсак, засценкаў, хутароў, часта з ім дзяліліся сваймі жыццёвымі трагедыямі, расказвалі пачутае ад бацькоў ды дзядоў.

У вёсцы Баяры, якая цяпер у Астравецкім раёне, Пётр пачуў, што адзін жыхар гэтага селішча з прозвішчам Карвэцкі трапіў у Пецярбург, дзе стаўся фурманам апошняга расейскага імператара Мікалая ІІ. Дагэтуль у Баярах расказваюць, як царскі павознік прыязджаў сюды разам з сям’ёй на пабыўку. Ягоная жонка, каб пахваліцца перад вяскоўцамі багаццем, апранала гэтак вялікую спадніцу з безліччу фальбонак і карунак, што ўсе гусі, пабачыўшы яе на вуліцы, разляталіся па вёсцы, штосілы гагочучы.

Царскі афіцэр, а пазней чыноўнік Вяляр’ян Карвэцкі з сям’ёю. Валяр’ян нарадзіўся ў Поцевічах

Шляхецкая гісторыя Веркелянаў

Асабліва ўразіла нашчадка старога ашмянскага роду гісторыя Веркелянаў, якія знаходзіліся побач з Кушлянамі – колішнім уладаннем беларускага паэта Францішка Багушэвіча. У 30-ых гадах XX стагоддзя пан Альшэўскі з Веркелянаў разам з адною з дачок пераехаў да каханкі ў Вільню ці Варшаву, рэшту сям’і пакінуўшы ў фальварку. Пані Альшэўская доўга не сумавала ды зрабіла сваім фаварытам свайго служку – Юзафа Чарняка. Ён ня меў левай рукі, але гэта не перашкаджала яму пільнаваць панскі лес, дзе ён любіў прахаджвацца з карабінам на плячах.

Незаможны Томаш Карвэцкі з суседняй вёскі Аславяняты пайшоў неяк у лес пані Альшэўскай высекчы бярозку, каб зрабіць калыску для сваёй нованароджанай дачкі Аленкі. Спаткала яго няшчасце – трапіўся ў рукі пана Чарняка, які пасля ад’езду пана Альшэўскага пачуваўся ў Веркелянах новым гаспадаром. Чарняк выстраліў у Карвэцкага і забіў яго.

Пані Альшэўская вельмі перажывала, бо хацела жыць з суседзямі ў міры. Адкупіўшы забойцу ад турмы, яна збудавала невялікі касцёл на скрыжаванні дарог, каб замаліць грэх. Аднак нібы нейкае пракляцце навісла над гэтай сям’ёй – раптоўна пачалі паміраць нашчадкі. Дачка пані Альшэўскай аднаго разу гуляла каля жэрдкі, якой прыціскалі сена ў тарпе. Жэрдка, зламаўшыся, адляцела адным канцом і забіла дзяўчо, прабіўшы артэрыю на шыі. Дзяўчынку пахавалі на шляхецкіх могілках, усе надмагіллі якіх цяпер разбураныя альбо ў зямлі. «За першага бальшавіка» ў 1939 годзе пані Альшэўская паспела ўцячы з маёнтку. У 1941 годзе яна вярнулася пры немцах. Вяскоўцы мусілі назад пазносіць параскраданыя рэчы. Пані Альшэўская аднак не прыняла назад карову і частку інвентару ад сям’і забітага Томаша Карвэцкага, відаць, адчуваючы віну ды шкадуючы асірацелых дзяцей.

«За другога бальшавіка» пані Альшэўская ўжо не мела шчасця. Яе схапілі разам з каханкам Чарняком, вывезлі ў смаргонскую турму, катавалі, пасля чаго іхны след загінуў. Сёння па даўнейшым фальварку няма ні згадкі. Дом вывезлі ў Смаргонь і зрабілі з яго ці то школу, ці то невялікі шпіталь. Касцёл, пабудаваны пані Альшэўскай, стаяў да 50-ых гадоў, пакуль камуністы не разабралі яго, прызначыўшы цэглы і камяні на будаўніцтва дарог. «Гэтак наступіў канец для гэтай шляхецкай гісторыі», – падсумоўвае Пётр.

Кніга як выхад для эмоцыяў

Разам з жонкаю аб’ехаў ён не толькі вёскі на Ашмяншчыне, але пабываў і ў іншых месцах, звязаных з гісторыяй Карвэцкіх, – у Себежы, Пецярбургу, Калінінградзе, Вількаміры. Амаль дабраўся нават да Варкуты, куды выслалі некаторых сваякоў ягонага бацькі пасля ІІ сусветнай вайны.

«Гэта была такая доза ўражанняў, пачуццяў, эмоцый, што я не мог прыйсці ў сябе, мне трэба было пісаць, дзяліцца перажытым на паперы. Хацелася таксама ўпарадкаваць так нялёгка адкрываную гісторыю маёй сям’і», – прызнаецца Пётр.

Гэтак пачала паўставаць кніга, праўда, каб закончыць яе, прадпрымальніку давялося прадаць свой супермаркет, бо бізнес амаль не пакідаў вольнага часу.

«Я хацеў цалкам змяніць стыль жыцця. Грошы перасталі быць для мяне надзвычай важнымі, я прагнуў займацца нечым цікавым, стваральным, што дае пачуццё рэалізацыі», – кажа Пётр. Апрача пісання ён працягвае падарожнічаць ды арганізоўвае для палякаў аўтаэкспедыцыі па Беларусі.

Адмовіўшыся ад вялікага бізнесу, Пётр закончыў першы том сваёй кнігі, але мае матэрыялы ўжо для другой часткі працы.

«Гэта кніга пра мой род, але таксама аповед у традыцыях шляхецкай гавэнды пра Ашмяншчыну. Там будуць здымкі, лісты, вусныя сведчанні. Я раскажу і пра чатырох братоў, антысавецкіх партызанаў, якіх у савецкіх медыях называлі «бандай Вінцуля Карвэцкага», і пра мужчыну, які колькі б не выпіў гарэлкі, ніколі не валяўся. Апісваю я нават, як таўкуць бульбу для свіней. Забойствы, здрады, секс – гэта таксама будзе ў кнізе», – распавядае аўтар.

Не так даўно Пётр вярнуўся з вялікага падарожжа па Афрыцы. Цягам амаль двух месяцаў разам з жонкаю Еваю, якая заўсёды падтрымлівала мужа ў ягоных захапленнях, ён праехаў каля 23 тыс. км, пабываўшы ў Марока, Маўрытаніі, Малі, Буркіна-Фасо, Гане і Сенегале. «Аднак паездкі ў Беларусь і так для мяне больш цікавыя. Кожная рэч там нібы прамаўляе да мяне і натхняе», – падсумоўвае Пётр з тугою ў голасе.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары