Як Лявон Вольскі развітаўся з маёрам Весялоўскім і стаў маляваць карыкатуры для Belsat.eu


lavon volski

Пра тое, што з Лявона Вольскага магла атрымацца зорка зусім не рок-сцэны, а выяўленчага мастацтва, памятаюць не ўсе. У размове з «Белсатам» музыка распавядае пра таямнічае знікненне маёра Весялоўскага, беларускае пачуццё гумару і свой новы праект для belsat.eu – аўтарскую рубрыку карыкатураў «Вольскі малюе».

– Я двойчы чытала, як вы ў школе малявалі карыкатуры на ўроках. Вы ўзгадвалі пра тое, як аднойчы трапіліся на матэматыцы. Прычым у адным месцы распавядаеце, што настаўніца ўсміхнулася, убачыўшы шарж на сябе, а пасля працягнула ўрок. А ў другім – пра тое, што гэта былі партрэты Софʼі Кавалеўскай ды Мікалая Лабачэўскага, за якія вам з Алезісам Дземідовічам «укаталі» па выніковым траяку. Дык як было насамрэч?

– Гэта дзве розныя гісторыі. Першая – са школы. І ўсё гэтак і было. Усміхнулася і працягнула занятак. А другая не мае ніякага дачынення да шаржаў ды карыкатураў. Проста мы напрыканцы так запусцілі матэматыку, што для выніковай «тройкі» вымушаныя былі намаляваць для кабінету партрэты Лабачэўскага і Кавалеўскай. Такая была ўмова выкладчыцы.

– А настаўнік малявання? Дачакаўся шаржа на сябе? 

– Не. Ён быў не надта цікавы для малявання. Стандартны савецкі выкладчык.

– Потым вы скончылі глебаўку, але пайшлі ў музыкі, а не ў мастакі. Чаму?

– Я меркаваў, што буду мастаком, а музыка – гэта хобі. Пасля войска мы спрабавалі паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут, але не атрымалася. Тады мы з Уладзем Давыдоўскім знялі майстэрню, малявалі там, каб падрыхтавацца да паступлення на наступны год. Паралельна рэпетавалі ў Доме літаратара. І тут неяк незаўважна падкралася першая папулярнасць, і я падумаў, што інстытут можна на годзік-другі адкласці. Так яно назаўсёды і адклалася :).

– Але раз на нейкі час вы малявалі коміксы. І адзін, 50-старонкавы, згубіўся ў нейкай рэдакцыі. Пра што ён быў?

– Я маляваў коміксы для часопісу «Бярозка» цягам некалькіх гадоў. Потым зрабіў вялікі комікс, і адна рэдакцыя ўзялася яго выдаваць. Мне нават заплацілі ганарар (!). Гэта ў 1994-м годзе, уяўляеце? А потым – прэзідэнцкія выбары, усё закруцілася, усім было не да коміксаў, так ён і знік. Кніга складалася з некалькіх сюжэтаў. Адзін – «экранізацыя» майго фантастычнага апавядання пра маёра Весялоўскага (калісьці таксама друкавалася ў «Бярозцы»), а астатнія – ужо не памятаю.

Глядзіце таксама >>> «Назад у будучыню» –  папярэдні праект Лявона Вольскага для «Белсату»

– Так вось і не прыжылося ў Беларусі мастацтва коміксаў. Чаму?

– Гэта доўгая размова. У нас шмат што не прыжылося. Кіно не прыжылося, шоу-бізнес не прыжыўся, па вялікім рахунку, культура не прыжылася.

– І коміксы не прыжыліся, і школа карыкатуры не паўстала. А традыцыі ж былі – «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Вожык» і д.т.п. Зразумела, што ў СССР мала што дазвалялі высмейваць, але ў Расеі карыкатурысты выхаваліся, той жа Андрэй Більжо, напрыклад.

– Карыкатурысты, звычайна працуюць у нейкіх выданнях. Калі была газета «Имя», там на апошняй старонцы рабілі сатырычныя калажы. Яны былі папулярныя, як і сама газета. Калі былі «Свабодныя навіны», там таксама былі карыкатуры і шаржы. Цяпер карыкатуры мы бачым на сайце «Свабоды» і ў «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі». Не ведаю, чаму болей амаль ніхто гэтым не займаецца, бо жанр актуальны пры любой рэчаіснасці.

– Таму, як кажуць, не можа не цешыць, што нашая інтэрнэт-старонка запускае новы праект «Вольскі малюе», з вашымі карыкатурамі. Што будзеце маляваць для «Белсату»?

– Гэта залежыць ад тэмаў, якія падкіне жыццё. Я спадзяюся, праз годзік мы выпусцім, як у старыя добрыя часы, кнігу карыкатураў, усе будуць чытаць і смяяцца.

– А як увогуле ў беларусаў з гумарам?

– Вы ж бачыце рэакцыю на словы Лукашэнкі «раздзявацца і работаць». Усё ў парадку. На неафіцыйным узроўні.

Глядзіце таксама >>> Лявон Вольскі – госць белсатаўскай праграмы «Зоры не спяць» 

– Што ў Беларусі можа натхніць мастака, які не мае пачуцця гумару?

– Мастак без пачуцця гумару – гэта нейкі прысуд. На мой погляд, гэта безнадзейнае спалучэнне.

– Добра, а што натхняе вас?

– Мяне натхняе ўсё: побытавыя стасункі, беларускі народ, грамадска-палітычная сітуацыя ў нас і ў свеце… Ёсць вельмі мала тэмаў, які нельга скарыстаць для песні ці карыкатуры.

Распытала Інга Астраўцова, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары