Як літоўцы скакалі пад «Тры чарапахі»


У Вільні прайшоў чарговы Дзень вулічнай музыкі, удзел у ім узялі і беларускія музыкі. Рэпартаж Belsat.eu.

У гэты дзень увесь горад запаўняецца людзьмі, гудзіць, паўсюль грае музыка. Больш за 200 калектываў выступілі ў Вільні, не абышлося і без беларускіх выканаўцаў. Адмыслова на гэты дзень, напрыклад, прыехалі беларускія гурты «Канада» ды «Bad Romance».

Калектыў «Bad Romance», які складаецца з трох удзельнікаў, увогуле зрабіў фурор на Ратушнай плошчы гораду. Пры тым, што для гітарыста Fergio і двух вакалістак Alica Light, Fergio ды Eva Harz гэта быў першы сумесны выступ.

Літоўскім слухачам добра зайшла іхная музыка ў стылях поп, rʼnʼb, фолк, а асабліва кавэр на «Тры чарапахі» «N.R.M.». Танчылі ды скакалі ўсе – дарослыя, дзеці, нават тыя, хто праходзіў міма, далучаліся да танцаў. Кінуліся ў пляс і пад «Купалінку».

«Супер публіка! Людзі сапраўды прыходзяць паслухаць музыку», – дзеляцца ўражаннямі ўдзельнікі «Bad Romance». Кажуць, што не чакалі такой вялікай колькасці слухачоў, былі б радыя, калі б прыйшло і дзесяць чалавек.

Выступоўцы фестывалю былі рознага ўзросту, ад зусім маленькіх дзяцей да людзей сталага ўзросту. Літоўцы спявалі песні не толькі літоўскіх і замежных выканаўцаў, але і беларускіх, такіх як «Ляпіс Трубяцкі».

Ініцыятар імпрэзы літоўскі музыка і актор Андрус Мамантавас. Фестываль ладзіцца ў Літве з 2007 года. У адну з субот траўня вуліцы літоўскіх гарадоў запаўняюцца музыкай.

Ганна Русінава, belsat.eu, Вільня

Стужка навінаў