Вызначаецца лёс «Белсату». TVP шукае падтрымання ў МЗС Польшчы


Кіраўнік Польскага Тэлебачання Яцэк Курскі напісаў кіраўніку МЗС Польшчы Вітальду Вашчыкоўскаму, што TVP будзе вымушана ліквідаваць «Белсат», калі МЗС Польшчы не адновіць падтрыманне каналу.

Ліст  кіраўніка TVP таксама перадалі прэмʼер-міністру Польшчы Бэаце Шыдла.

«Тэлеканал можа спыніць сваё існаванне, калі не будзе волі польскай дзяржавы далей падтрымліваць «Белсат», – падкрэслівае дырэктар тэлебачання Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Паводле «Dziennik. Gazeta Prawna», у лісце кіраўнік TVP сцвярджае, што хоць і бачыць патрэбу ў існаванні тэлеканалу для Беларусі, польскае тэлебачанне не дасць рады фінансаваць яго самастойна.

«Гэта не ўльтыматум, а спроба выратаваць гэты тэлеканал» – адзначыў Курскі.

Супраца МЗС з TVP у дзейнасці «Белсату» завяршаецца. Міністэрства адмаўляецца фінансаваць канал паводле дамовы, якая існавала ад 2007 года. Рашэнне пачне дзейнічаць 31 снежня.

«Я не хачу быць кіраўніком, пры якім спыніць існаванне “Белсат”, але трансляцыя каналу для гледачоў за мяжою не з’яўляецца статутнай дзейнасцю TVP. Мы рабілі гэта паводле дамовы з МЗС. Таму я звярнуўся да міністра Вашчыкоўскага з пытаннем, ці ён не перадумаў», – дадае Курскі.

МЗС яшчэ не адказала на ліст Курскага. У прэс-службе польскага МЗС заявілі, што інфармацыя з’явіцца «пасля падрыхтоўкі і адпраўкі адказу генеральнаму дырэктару TVP», праца над якім «вядзецца».

Да 2017 году  «Белсат» фінансаваўся паводле дамовы паміж МЗС Польшчы і TVP, аднак гэта было не адзінаю крыніцаю ўтрымання тэлеканалу. Хоць фінансаванне з МЗС не абавязкова мае быць адзіным спосабам падтрымкі – гэтак Радыё Свабода фінансуе не Дзярждэпартамент, але Кангрэс ЗША. Шмат залежыць не столькі ад канкрэтных забавязанняў МЗС у дачыненні TVP, колькі ад волі польскай дзяржавы адносна захавання эфіру незалежнага беларускага тэлебачання.

Паводле апошніх даследванняў, тэлеканал глядзяць 10 % дарослых беларусаў (больш за 750 000), кожны трэці беларус ведае пра канал, а нашая аўдыторыя за 3 гады павялічылся ўдвая.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў