Улюбёнец беларускай публікі Аляксандр Саладуха адзначае свой дзень нараджэння. 18 студзеня спеваку спаўняецца 56 гадоў. Як распачынаў свой творчы шлях эпатажны выканаўца?
Сваю творчую кар‘еру Аляксандр Саладуха пачаў з менскага начнога клубу «Парадыз», які размяшчаўся ў будынку кінатэатру «Масква», згадвае партал interfax.by. Уладальнікам установы быў беларускі музыка, удзельнік групы «Верасы» Генадзь Старыкоў.
«Памятаю, у 1994 годзе прыходзіць да мяне Саша і кажа: «Я толькі што вярнуўся са Швецыі і стаў там улюбёнцам шведскай публікі і пераможцам шведскага гіт-параду. Можна, я ў цябе ў клубе буду спяваць?». «Саша, тут не Швецыя. У нас слухаюць іншыя песні», – адказаў я, але на працу ўзяў і прызначыў яму заробак – 10 долараў за адзін выступ», – дзеліцца Генадзь Старыкоў.
У дзень свайго дэбюту Аляксандр папрасіў: «Гена, а ты можаш абвесціць мае заслугі, пра якія я табе расказваў?»
Былы гітарыст «Верасоў» сказаў, што ў жыцці трэба быць прасцей і дзеля жарту прапанаваў Саладуху прадставіць яго сціпла: «Суперзорка беларускай эстрады». Будучая знакамітасць успрыняла гумар сур‘ёзна: «Так, Гена, абвесці мяне сціпла».
Старыкоў выканаў пажаданне Аляксандра і прамовіў: «А цяпер – сустракайце, новая суперзорка беларускай эстрады Аляксандр Саладуха!».
[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]
Зала замерла. Прагучалі воплескі. Праз дзень, зачараваны славай, Саладуха падышоў да Генадзя з просьбай падвысіць яму заробак, аргументаваў так: «Я ж цяпер суперзорка беларускай эстрады».
«Я пасмяяўся сам сабе: «Ну, вось, Гена, ты стварыў новую суперзорку». І пагадзіўся. Ганарар Аляксандра падняўся да 15, а потым да 17,5 долараў за адзін выступ. З тых часоў я ўпэўнены, што ў жыцці трэба быць сціплейшым», – распавёў Старыкоў.
Аляксандр Саладуха стаўся з таго часу адным з самых распазнавальных артыстаў Беларусі і другім беларускім выканаўцам пасля Макса Каржа, які не пабаяўся замахнуцца на самую вялікую пляцоўку краіны «Менск-Арэну».
Паводле Аліны Мінахаран, interfax.by