Выступ на вышыні 10 кіламетраў


Сапраўднаму музыку няважна, дзе граць. Гурт «J:морс» зладзіў канцэрт у аблоках, а літаральна – на борце самалёта.

Пасажыры рэйсу «Белавіі», што ў сераду кіраваўся з Менску ў Амстэрдам, былі нямала здзіўленыя прыемнаю неспадзяванкай. У гонар 15-годдзя свайго бэнду «J:морс» наладзіў паўгадзінны акустычны канцэрт на вышыні 10 тысяч метраў і на хуткасці 250 метраў у секунду.

З-за патрабаванняў бяспекі музыкам давялося абыходзіцца апаратураю, што працуе толькі на батарэйках. Акрамя таго, давялося прыстасоўвацца да аэраспецыфікі.

– На вышыні зусім іншы ціск, таму інакш працуе дыханне, вушы закладае, самалёт гайдаецца – дзеліцца ўражаннямі Уладзімір Пугач, – Агулам, шмат усяго нечаканага, пэўных нюансаў і цяжкасцяў, але атмасфера канцэрту абсалютна ашаламляльная. Дзякуй пасажырам за цудоўную рэакцыю.

Кіраўніцтва нацыянальнага перавозніка вітала арганізацыю выступу. Намеснік генеральнага дырэктара «Белавіі» Ігар Чаргінец падзякаваў гурту за пераўтварэнне звычайнага рэйсу ў сапраўднае свята.
22 лістапада «J:морс» выступіць у Prime Hall (ГЦ «Замак») з праграмаю «15 гадоў у аблоках». Інфалінія (029) 937 17 17. Квіткі прадаюцца: пераход на пл. Я. Коласа, ГЦ «Купалаўскі» (19 павільён), ГЦ «Рыга» (18 павільён), www.kvitki.by, www.ticketpro.by.

НЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары