Выхад з партрэтам Лукашэнкі на вуліцу можа скончыцца... у Навінках


Прасіў у Лукашэнкі справядлівасці. Атрымаў інсульт, арышт, трапіў у псіхіятрычную лякарню.

Праграма «Маю права» распавядала пра менчука Міхаіла Мяхедку, які вось ужо 6 гадоў спрабуе дамагчыся кампенсацыі за знесенае жытло. Грукае і ў самыя высокія дзверы – проста да Аляксандра Лукашэнкі.

Жытло спадара Міхаіла прызначылі пад знос, улады запрапанавалі яму на выбар кампенсацыю ці жытло ўзамен. Мужчына выбраў кампенсацыю, але ўсё роўна атрымаў жытло – паўтары пакоі ў шматпавярховіку. Міналі гады судовых разбораў, зваротаў да чыноўнікаў усіх узроўняў.

«Звяртаўся ў Адміністрацыю прэзідэнта па дапамогу. Прасіў у прэзідэнта дапамагчы. Адміністрацыя мне адмаўляла, саджалі мяне ў турму. На Акрэсціна. Шмат разоў. Я звяртаўся ў суд, каб суд абараніў маё права звароту да прэзідэнта. Але судовая сістэма была… бяздушная, калі можна так сказаць», – распавядае спадар Міхаіл. Мянчук упэўнены, што гэта і давяло яго да інсульту.

Чарговае затрыманне скончылася ў псіхіятрычнай больніцы ў Навінках. «Спачатку санітары адмовіліся мяне забіраць, бо не было падставаў. То міліцыянты перапісалі пратакол, напісалі, што я валяўся па падлозе, біўся ў дзверы і патрабаваў прэзідэнта. Ну і забралі санітары», – кажа Міхаіл Мяхедка.

Ён мае намер змагацца і далей. Але чарговы пікет з партрэтам Лукашэнкі ў руках ізноў скончыўся ў Навінках.

Больш глядзіце ў праграме «Маю права» ў эфіры «Белсату» ды раздзеле «Праграмы» на нашай старонцы.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў