Выбары-2016: Замест апазіцыі – выпаленае рэпрэсіямі поле


На парламенцкія выбары ідуць актывісты, палітыкі, журналісты і нават блогеры. Адзін з іх – Сяргей Пятрухін з Берасця, вядомы сваймі журналісцкімі расследаваннямі, перадусім карупцыі сярод чыноўнікаў, а таксама вострымі сацыяльнымі відэасюжэтамі. Аднак змаганне блогера за ўладу стала больш нагадваць гульню на выжыванне без правілаў.

Дапамагчы людзям Сяргей хоча не толькі праз агучванне іхных праблемаў у інтэрнэце. Таму пастанавіў удзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

«Я прымаю ўдзел у выбарах дзеля таго, каб людзі даведаліся, каб пабачылі, што я раблю, каб людзі не баяліся і казалі праўду, каб людзі не даравалі свавольстваў чыноўнікаў і сілавікоў», – зазначае Сяргей Пятрухін, патэнцыйны кандыдат у дэпутаты.

Самыя ж чыноўнікі ды сілавікі – героі рэпартажаў Пятрухіна, – відаць, праўды яму не даруюць. Напярэдадні ўвечары да народнага рэпарцёра завіталі міліцыянты ды канфіскавалі ў яго мабільны тэлефон і ноўтбук. Свае дзеянні яны патлумачылі тым, што паводле аднаго з сюжэтаў на блогера завялі крымінальную справу.

Ці толькі рэпарцёрская дзейнасць спрычынілася да канфіскацыі?

«Можа быць гэта звязана з выбарамі, каб узбудзіць крымінальную справу супраць мяне, зрабіць мяне маргіналам на ўсё маё будучае жыццё і выкрасліць мяне, каб я больш нікуды не балатаваўся», – упэўнены Сяргей Пятрухін.

Выкрасліць прынамсі з гэтых выбараў улады хочуць і іншую прэтэндэнтку на кандыдацтва, лідарку «Маладых хрысціянскіх дэмакратаў» Марыну Хоміч. Усім без выключэння сябрам ейнай ініцыятыўнай групы патэлефанавалі чальцы камісіі 104-ай выбарчай акругі, схіляючы іх да адмовы працаваць з Хоміч.

«Незразумела нам, што гэта можа быць. Можа на гэтай акрузе балатуецца нейкі вельмі сурʼёзны праўладны кандыдат, проста яны не хочуць, каб была хоць нейкая канкурэнцыя», – мяркуе Марына Хоміч.

Здзіўляцца ж ціску на апазіцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты не выпадае. Аляксандр Лукашэнка яшчэ за некалькі месяцаў да старту кампаніі даў зразумець, што правілы гульні застануцца такія, як і былі апошнія 20 гадоў.

«Мы ж працуем на дзяржаву, чаго мы ў нейкую дэмакратыю незразумелую будзем гуляцца?», – выказваўся кіраўнік краіны некалькі месяцаў таму.

Апазіцыя скарыстоўвае выбарчую кампанію, каб агітаваць супраць Лукашэнкі

Застаецца гуляцца ў іншыя гульні, якія адчулі на сабе Марына Хоміч і Сяргей Пятрухін. Але іхныя ініцыятыўныя групы хаця б зарэгістравалі. Сёння ж стала вядома пра адмову ў рэгістрацыі групы лідара Менскай арганізацыі АГП Мікалая Казлова.

Алесь Яшчанка, «Белсат»

Стужка навінаў