«Выбарчы вечар», якога не адключыш. «Белсат» рыхтуе адмысловы эфір да выбараў

urgent

У Беларусі падыходзіць да канца прэзідэнцкая выбарчая кампанія. Хтосьці бачыць інтрыгу ў галасаванні 11 кастрычніка, нехта перакананы, што ў краіне нічога не зменіцца. Але ў любым разе выбарцы, апазіцыя, улады, журналісты рыхтуюцца, бо выбары прэзідэнта, якія б яны ні былі, ёсць падзеяй раз на пяць гадоў.

https://youtu.be/rNbKjR-uAx0

На тэлеканале «Белсат», што транслюецца праз спадарожнік Astra4, 11 кастрычніка адразу пасля галасавання – адмысловы «выбарчы вечар». У выпадку паўтарэння, як у дзень выбараў у 2010 годзе, блакавання незалежных сайтаў менавіта гэтая тэлевізійная перадача можа стаць адзінай альтэрнатыўнай крыніцай інфармацыі пра вынікі выбараў.

«Мы прапануем гледачам грунтоўную паслявыбарчую праграму, хіба што цікавейшую за выбары, якія ладзяць улады Беларусі, – кажа Аляксей Дзіквавіцкі, кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў «Белсату». – На жаль, ніводны незалежны сацыялагічны цэнтр не атрымаў дазволу на правядзенне exit polls, але мы прапануем самыя гарачыя каментары ад топавых палітыкаў і экспертаў краіны».

Зрэшты, перадусім у дзень выбараў місія журналістаў – не стварыць шоу ў тэлеэфіры, а данесці грамадству праўду пра тое, што насамрэч рабілася ў выбарчых камісіях, або асвятліць вулічны пратэст, калі ён здарыцца.

«У цяперашнюю эпоху смартфонаў ды іншых мабільных тэхналогіяў кожны можа стаць журналістам і паведаміць пра важныя падзеі, сведкам якіх ён стаў. Мы заклікаем нашых гледачоў назіраць у гэты дзень за тым, як ідзе галасаванне, здымаць парушэнні ды фальсіфікацыі падчас яго на свае тэлефоны і дасылаць «Белсату» відэа або фота на адрас info@belsat.eu. Мы пакажам вашы матэрыялы: дзякуючы вам Беларусь і свет змогуць даведацца праўду пра тое, як у нас прайшлі  прэзідэнцкія выбары – 2015», – кажа Аляксей Дзікавіцкі.

«Выбарчы вечар» на «Белсаце» пачнецца ў 21.00 ў эфіры ды ў онлайн-трансляцыі на belsat.eu – праз гадзіну пасля закрыцця выбарчых участкаў. Гледачы даведаюцца з дапамогай наўпроставых уключэнняў пра тое, як прайшло галасаванне ў розных рэгіёнах Беларусі, пра першыя рэакцыі на лічбы праўладных экзіт-полаў, высновы кандыдатаў, назіральнікаў, палітыкаў і аналітыкаў, убачаць таксама апытанні выбарцаў і рэпартажы пра тое, што будзе рабіцца на вуліцах Менску.

«Нягледзячы на тое, якія мы маем асабістыя меркаванні, гэта галоўная падзея ў беларускім грамадска-палітычным жыцці, прынамсі, 2015 года. Гэта важны час і для інфармацыйных тэлеканалаў. Таму мы сурёзна рыхтуемся і гатовыя працаваць у студыі так доўга, як гэтага запатрабуе развіццё падзеяў», – кажа Аляксей Дзікавіцкі, анансуючы шмат цікавых гасцей у студыі, а таксама на відэасувязі.

«У выпадку адключэння самых папулярных беларускіх незалежных сайтаў «Белсат» можа стаць разам з радыёстанцыямі, што гучаць з замежжа, і сацыяльнымі сеткамі важнай альтэрнатыўнай крыніцай інфармацыі, як гэта было на выбарах прэзідэнта ў 2010 годзе. Спадарожніка ж не адключыш!» – адзначае Дзікавіцкі.

Вядоўцамі «выбарчага вечара» стануць вядомыя твары каналу – Валер Руселік і Вольга Саўле. «Мы гатовыя да выканання місіі дзяжурных у краіне», – кажуць белсатаўцы.

Ігар Цяплінскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары