9 лютага ў Вярхоўным судзе пачаўся разгляд апеляцыі па справе гамельчука, які па версіі суда ваяваў на Данбасе ў складзе казачага палку ЛНР.
Напрыканцы года Гомельскі абласны суд прызнаў 29-гадовага Віталя Катлабая вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт.361-3 Крымінальнага кодэксу ( удзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы). Мужчыну пакаралі 2 гадамі пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Паводле версіі суда, гамяльчук ваяваў на Данбасе ў складзе казачага палку ЛНР. Беларус у канцы лета 2015 года выехаў праз памежны пункт з Расеі ва Украіну. На Данбасе гамяльчук далучыўся да казачага палку ЛНР у якасці шарагоўца. Яму выдалі службовае пасведчанне, баявую зброю, абмундзіраванне і неабходныя прадукты харчавання.
Падчас судовага паседжання, мужчына не адмаўляў, што знаходзіўся ў казачым фармаванні, але сцвярджаў, што не з’яўляўся вайскоўцам, не меў агнястрэльнай зброі і не ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях.
Відэаролік, які цалкам стварыў Віталь Катлабай. Відэашэраг, вершы і здымкі аўтара
Але суд палічыў Катлабая вінаватым, бо ў якасці доказаў былі прадстаўленыя здымкі мужчыны ў вайсковай форме з агнястрэльнай зброяй у руках. А таксама сведчанні ягоных знаёмых, якім ён распавядаў пра свой удзел у баявых дзеяннях.
На апеляцыю прыйшлі толькі бацькі Віталя:
«Мы ж за ўладу, а атрымліваецца што ўлада супраць нас».
Пракурор Гаўрыленка палічыла, што суд даў самую малую меру пакарання і звярнула ўвагу на тое, што Катлабай вярнуўся ў Беларусь каб стварыць музычны гурт і з ім вярнуцца ў ЛНР.
Вярхоўны суд пакінуць меру пакарання без зменаў.
Ірына Арахоўская, belsat.eu