Атрымліваў 15 тысяч рублёў, але на перадавой не быў ні дня. Што вядома пра асуджанага на 2 гады турмы баевіка ЛНР з Гомля


29-гадовы гамяльчук Віталь Катлабай, якога пакаралі двума гадамі калоніі, займаўся «інфармацыйнай працай» у Казачым палку ЯрГа на тэрыторыі ЛНР.

Пад пазыўным «Шапэн» ён выконваў функцыю штатнага праграміста, займаўся камп’ютарным забеспячэннем палка, а таксама вырабляў ролікі і плакаты з сацыяльнай рэкламай.

Як распавёў belsat.eu саслужбовец Катлабая Дзмітры Б., той прыбыў у ЛНР напрыканцы 2015 года.

«Віталь праходзіў тэрміновую службу ў беларускім войску як сувязіст, таму яго і прызначылі займацца кампʼютарамі. На перадавую ён увогуле не выязджаў, удзелу ў баявых дзеяннях не браў! У рэспубліцы вострая праблема – наркаманія, вось ён і распрацоўваў рэкламу, відэа розныя супраць наркотыкаў», – распавёў нам Дзмітры.

Паводле слоў Дзмітрыя, летам 2017 года гамяльчук захацеў пабачыць бацькоў, і «падумаў, што вярнуцца бяспечна».

Віталь Катлабай, фота са старонкі ВК

«Праз пару месяцаў яго ўзялі. Бацькі з намі адразу звязаліся, прасілі дапамагчы. Мы пачалі пісаць звароты ў беларускія органы, але дарэмна. Абвінаваўца першапачаткова прасіў для яго ад 5 да 8 год, але ў выніку далі два. Як мне вядома, апеляцыю падаваць ён збіраецца ці ўжо падаў», – кажа баевік.

Пры гэтым саслужбовец асуджанага адзначае, што ў сваім званні шарагоўца Катлабай за працу атрымліваў заробак – 15 тысяч расейскіх рублёў (каля 255 USD). Звычайна менавіта такая сума стандартнага акладу для шараговых байцоў.

Важна адзначыць, што Катлабая асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-3 КК (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу), але без прыкметаў злачынства па арт. 133 КК (найміцтва). То бок, або следства не змагло даказаць факт атрымання Катлабаем грошай ад баевікоў, або суд не прыняў гэты факт да ўвагі.

«Як я разумею, яго вінавацілі, у асноўным, у агітацыі, нібыта ён заклікаў ваяваць іншых», – дадаў саслужбовец,

Сапраўды, на адным з сайтаў абʼяваў сепаратыстаў ёсць паведамленне аб наборы на службу ў Казачы полк, размешчанае юзерам «Шапэн Бацькавіч», пры кліку на спасылку адкрываецца старонка баевіка ў сацсетцы. Нават у абвестках баевікі адкрыта называюць суму заробку – 15 тысяч расейскіх рублёў.

***

Нагадаем, 26 верасня Віцебскі абласны суд на закрытым паседжанні пакараў Аляксея Яршова з Паставаў 2 гадамі хатняй хіміі паводле таго ж артыкулу Крымінальнага кодэксу, аднак неўзабаве пасля прысуду Яршоў пакінуў Беларусь і вярнуўся на Данбас ва ўзброенае фарміраванне.

16 лістапада Гомельскі абласны суд пакараў жыхара Рэчыцы Віталя Мітрафанава 2 гадамі хіміі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў