Вячаславу Сіўчыку і Яўгену Афнагелю прысудзілі 15 содняў. Сіўчык аб'явіў галадоўку


Справа лідара руху «Разам» Вячаслава Сіўчыка была разгледжана ў судзе Цэнтральнага раёну. Яму прысудзілі 15 содняў адміністрацыйнага арышту па артыкуле за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

12:34 Абвясцілі прысуд. Вячаславу Сіўчыку далі 15 содняў (арт. 23.34 ч. 3 КаАП). Ён аб’явіў галадоўку праз жорсткія ўмовы ўтрымання на Акрэсціна. Ён паведаміў, што ўмовы ў камерах непрымальныя для чалавечай годнасці, не працуюць прыбіральні, няма свежага паветра.

12:30 Падтрымаць актывістаў да будынку Цэнтральнага суда прыйшла Ніна Багінская. Жанчына прыйшла ў суд з плакатам, які спрабаваў у яе забраць мужчына ў цывільным.

Пасля абвяшчэння прысуду Вячаславу Сіўчыку Ніна Багінская разгарнула намаляваны плакат і выйшла з ім з залі паседжання. На лесвіцы ёй насустрач ішоў чалавек у цывільным, які паспрабаваў адняць у яе плакат сілай. Паміж імі адбылася сутычка, падчас якой жанчына ўдарылася каленам аб парэнчы і пачала моцна кульгаць.

Выйсці з будынку суда ёй не перашкаджалі, але плакат парвалі. Паводзінамі супрацоўніка суду ў цывільным Ніна Багінская вельмі абурылася.

Вячаслава Сіўчыка невядомыя ў цывільным выцягнулі з маршруткі і звезлі ў мікрааўтобусе без нумароў увечары 3 траўня. Вячаслаў Сіўчык удзельнічаў 3 траўня ў акцыі ў Барысаве, дзе выступаў з прамоваю.

Сёння ж у Цэнтральным судзе сваякі і сябры чакалі Яўгена Афнагеля, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» таксама затрымалі 3 траўня.

Актывісту таксама прысудзілі 15 содняў.

ВЧ, ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў