Вучоба, падарожжы, абрыванне сувязяў: як жывуць былыя палітвязні?


«Белсат» высветліў, як складаецца лёс былых палітвязняў, якія выйшлі на волю напрыканцы лета. На відавоку з іх толькі Мікалай Статкевіч. Мы пацікавіліся, чым займаюцца астатнія.

Рубцоў пакінуў Беларусь па патрабаванні жонкі і сына

Кіроўца паводле прафесіі, 54-гадовы Юры Рубцоў, які апынуўся фігурантам цэлага шэрагу судовых працэсаў (за майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!», за абразу суддзі словам «падонак» і, нібыта, за ўхіленне ад адбыцця пакарання), цяпер знаходзіцца за мяжой.

Юры Рубцоў. Фота spring96.org
Юры Рубцоў. Фота spring96.org

– Вы актыўна вялі сваю старонку ў Facebook, але 6 кастрычніка як адрэзала – ніводнага запісу…

– Па патрабаванні сына і жонкі я быў вымушаны пакінуць Беларусь і папрасіць палітычнага прытулку ў Нямеччыне. Мяне адмыслова не бралі на працу на радзіме, і ў выпадку нявыплаты падатку за дармаедства, я зноў патрапіў бы за краты. Але я гатовы змагацца з рэжымам, і ўпэўнены, што яго можна зрынуць, не выводзячы людзей на вуліцы супраць узброеных да зубоў міліцыянтаў. Аднак чытаючы праграмы шматлікіх апазіцыянераў, я не бачу той, якая сапраўды патрэбная нашай краіне, – я ўсё больш думаю пра тое, што нашыя апазіцыянеры імкнуцца толькі заняць трон Лукашэнка.

У сына по-ранейшаму праблемы на працы з-за маёй гісторыі, але цяпер ім усё гэта лёгка зваліць на цяжкую эканамічную сітуацыю ў краіне. Цяпер мы з жонкай знаходзімся ў намётавым лагеры ў Нюрнбергу. Не магу назваць ўмовы добрымі, але ў абарону Нямеччыны хачу сказаць, што захапляюся гэтай краінай, якая пасля Другой сусветнай вайны дала прытулак столькім бежанцам.

Васьковіч хоча займацца журналістыкай і палітыкай

Яўген Васьковіч, якому ў лютым споўніцца 26, больш за чатыры гады правёў у турме за падпал будынка бабруйскага КДБ. Яўген быў удзельнікам Плошчы-2010, а затрыманы на наступны дзень пасля акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, праведзенай у студзені 2011-га.

Яўген Васьковіч. фота mfront.net
Яўген Васьковіч. фота mfront.net

– Пажываю нармальна (смяецца). Падлячыўся, падвучыўся, адпачыў крыху. З новымі сіламі можна пачынаць займацца асноўнай дзейнасцю – журналістыкай, і вядома ж, палітыкай.

– Вы казалі, што ў газеце «Бабруйскі курʼер» галоўны рэдактар ​​вас нават не звальняў – так і аказалася?

– Так, там у мяне ўсё ў сіле.

– А з нагоды палітыкі якія планы?

– Я цяпер у «Маладым фронце», займаюся рэгіянальнай дзейнасцю. Цяпер, пакуль ні выбараў, ні чагосьці такога няма, можна больш цесна гэтым займацца, каб неяк палепшыць становішча.

– Вучыцца не збіраецеся?

– Хацеў бы вучыцца на завочным, каб сумяшчаць са сваёй дзейнасцю, але няма пакуль такой магчымасці. Хацеў бы на журналіста паступаць – думаю, гэта самая аптымальная прафесія і для палітыка таксама, таму што прадугледжвае зносіны з людзьмі.

Пракапенка «вядзе звычайнае жыццё»

У справе падпалу будынку КДБ, акрамя Яўгена, фігураваў і іншы чалавек, прызнаны пасля палітвязнем – Арцём Пракапенка. Мы папрасілі ў Яўгена ягоны тэлефон:

Артем Прокопенко. Фото БелаПАН
Артем Прокопенко. Фото БелаПАН

– Наагул ніякіх кантактаў няма. Яго ж бацькі ўсё кантакты абразаюць. З турмы пад хатні арышт трапіў, – горка жартуе Яўген.

– А гэта толькі з вамі ці з усімі так?

– З усімі…

Але мы вырашылі ўсё ж такі паспрабаваць звязацца з Арцёмам і адшукалі яго кантакт:

– Палітычную або грамадскую дзейнасць весці не збіраюся. Распавядаць няма чаго. Працую. Збіраюся весці звычайнае жыццё. З тымі людзьмі, – дадаў Арцём, мабыць, намякаючы на ​​былых сяброў па няшчасці, – ніякай сувязі не падтрымліваю.

Дзядок піша мемуары

Анархіст Мікалай Дзядок, асуджаны па артыкуле «хуліганства» за напад на расейскую амбасаду летам 2010-га ды ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ля Генштабу Беларусі, правёў у зняволенні больш за чатыры гады, цяпер

Мікалай актыўна вучыцца:

Мікалай Дзядок. Фота фота Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ
Мікалай Дзядок. Фота фота Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ

– Я аднавіўся ў ЕГУ па праграме «Міжнародная палітыка і эканоміка», вельмі шмат часу сыходзіць на вучобу, вялікая нагрузка. Яшчэ папаўняю веды адносна таго, што адбылося ў палітыцы, эканоміцы ды культуры ў свеце за апошнія пяць гадоў, якія я быў ізаляваны. Чытаю, спрабую аналізаваць, як змяніўся свет. Зрабіў для сябе выснову, што хуткія перамены сусветнага маштабу непазбежныя, і Беларусь гэта не абміне.

– Ёсць нейкія планы на бліжэйшы час?

– Пакуль што галоўнае – вучоба. Яшчэ запісваю шэраг сваіх турэмных успамінаў і ўражанняў. Спадзяюся, знойдуцца людзі, для якіх яны будуць цікавымі і карыснымі.

Аліневіч падарожнічае

Іншы фігурант справаў аб падпалах амбасады і Генштабу (а таксама абвінавачаны ў нападзе на казіно «Шангры Ла» і офіс банку «Масква-Менск»), 32-гадовы інжынер-электроншчык Ігар Аліневіч у гутарцы з намі не быў асабліва гаваркі. Удзельнік распрацоўкі расейска-беларускага спадарожніка, у мінулым працаваў на круізным лайнеры ў Карыбскім моры, не стаў дзяліцца сваймі планамі:

Ігар Аліневіч. Фота belsat.eu
Ігар Аліневіч. Фота belsat.eu

– Наўрад ці я магу сказаць нешта інфарматыўнае. Аб стратэгічных планах казаць – кепскі тон. Цяпер у асноўным праводжу час з блізкімі і сябрамі, падарожнічаю па Еўропе – вельмі хочацца спатоліць смагу тых элементарных свабодаў, якіх быў пазбаўлены. Павольна асвойваю велізарны пласт інфармацыі, якая назбіралася за пяць гадоў. Турма выбівае не толькі з каляіны, але і з плыні жыцця наагул. Там уласны свет. Неабходна інтэгравацца ў жыццё нанова ў тысячы дробязяў.

Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў