Візіт віцэ-міністра МЗС Польшчы ў Менск: спроба пачаць дыялог з новай старонкі?


З беларускага боку польскага віцэ-міністра прымаў у рангу кіраўніка ведамства Уладзімір Макей, што можа сведчыць пра вялікую зацікаўленасць у перамовах з боку афіцыйнага Менску. Хоць апошні, ужо традыцыйна не раскрыў журналістам дэталяў перамоўнага працэсу. Візіт Арлоўскага, гэты першы афіцыйны кантакт новага складу вонкавапалітычнага ведамства Варшавы з менскімі чыноўнікамі.

Спачатку – да Макея, потым – да апазіцыі

Паводле прэс-службы беларускага МЗС, падчас сустрэчы абмяркоўваліся бягучыя пытанні двухбаковых зносінаў, праблематыка па лініі Беларусь – ЕС.

Таксама Томаш Арлоўскі сустрэўся з беларускай апазіцыяй. У размове прымалі ўдзел Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, Павал Севярынец, Юры Губарэвіч. З боку экспертаў выступалі Аляксандр Класкоўскі, Валер Карбалевіч, Дзяніс Мельянцоў.

Сустрэча з апазіцыяй праходзіла ў закрытым фармаце. Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец распавёў, што абмяркоўваліся шматлікія пытанні дачыненняў Польшчы і ЕС і Беларусі, што размова атрымалася шчырай, а намеснік міністра «адказваў на пытанні адкрыта і вельмі падрабязна, нязвыкла для дыпламата».

Значнае месца ў абмеркаванні займала ўкраінскае пытанне і змены сённяшняй палітычнай сітуацыі ў Еўропе ў сувязі з падзеямі ва Украіне.

“Абмяркоўвалася ўсё, што мае цікавасць для Польшчы ў яе стасунках з Беларуссю – стаяла пытанне пра палітвязняў, пра 2015 год і выбары, адзінства апазіцыі, размаўлялі таксама і пра незалежныя СМІ, што вяшчаюць з Польшчы – тэлеканал “Белсат” і “Радыё Рацыя”, – зазначыў Павел Севярынец. – Падымаліся пытанні візаў і памежнага руху. Польскі бок адзначыў, што праблемы тут унутры Беларусі, а не Польшчы. Гэтая тэма, аднак, не была асноўнай, і больш размаўлялі пра таваразварот паміж Беларуссю і Польшчай, чым пра візы”.

Павел Севярынец падрэсілў, што нічога эпахальнга ў сустрэчы не было. Паколькі прынцыпова сітуацыя ў Беларусі не змянілася, і застаюцца палітвязні, і абмежаванне грамадзянскіх свабодаў, таму стаўленне ЕС да Беларусі таксама прынцыпова не зменіцца. Але ў сувязі з падзеямі ва Украіне Беларусь сапраўды становіцца пляцоўкай для перамоваў.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Беларусь-Польшча: будзе перазагрузка?

Прысутны на сустрэчы палітолаг Аляксандр Класкоўскі зазначыў, што візіт Томаша Арлоўскага ў Менск адметны ў двух аспектах. Перш за ўсё, гэтая сустрэча вынікае з кадравых зменаў у польскай дыпламатыі. Былы польскі міністр замежных справаў Радаслаў Сікорскі стаў некалі вельмі жорсткім крытыкам беларускага рэжыму пасля няўдалай спробы падкупіць Лукашэнку перад выбарамі 2010 году. Спадар Класкоўскі лічыць, што цяпер польскі бок нібы прапаноўвае перагарнуць старонку, і пачаць зносіны з новага аркуша.

Другая адметнасць візіту ў тым, што Еўропа і Захад памянялі стаўленне да Беларусі ў кантэксце больш вострага і значнага для іх украінскага пытання.

“Заходнікі мяркуюць, што не той час, каб надта ціснуць на Лукашэнку. Паколькі ён здолеў у пэўнай ступені дыстанцыянавацца ад Масквы, заняць адносна нейтральную пазіцыю ва ўкраінскім пытанні, даць пляцоўку для перамоваў, то выглядае калі не хаўруснікам захаду, то фігурай, з якой трэба весці гаворку, бо звышзадача – спыніць Расею і развязаць украінскі вузел, – зазначыў палітолаг. Хаця, застаецца пытанне палітвязняў, “чорны спіс”, але факт, што супраца паміж Польшчай і Беларуссю інтэнсіфікуецца”.

Паўстануць візавыя цэнтры

Інфармацыйнае агенцтва PAP інфармуе, што падчас візіту ўдалося дасягнуць дамоўленасцяў што да адкрыцця візавых цэнтраў у Беларусі.

«Ад намесніцы міністра Купчынай атрыманая фармальная згода ўладаў Беларусі на адкрыццё візавых цэнтраў. Цяпер гэта будзе залежыць ад польскіх уладаў – дзе, калі і як іх створым», – сказаў Арлоўскі.

Падобныя візавыя цэнтры арганізоўваюць прыватныя фірмы, дзякуючы такой дзейнасці з’яўляецца магчымасць падаць заяву на візу, а таксама атрымаць пашпарт з дазволам без патрэба асабістай прысутнасці.

Арлоўскі падкрэсліў, што стварэнне падобных цэнтраў – гэта працэс, які цяпер толькі пачынаецца. Трэба яшчэ зарганізаваць тэндэр ды абраць фірмы, якія пачнуць прымаць заявы на візы.

ММ / ЗЯ, belsat.eu

Падрабязнасці пра візіт Томаша Арлоўскага глядзіце таксама ў сюжэце Алеся Залеўскага ў праграме «Аб’ектыў».

Стужка навінаў