Віцебскі праваабаронца сеў на содні, каб вывучаць умовы ў ІЧУ


Павел Левінаў адправіўся адбываць 15 содняў арышту за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных акцыях 25 і 26 сакавіка. Пры гэтым з сабою Левінаў узяў накіраванне ад Беларускага Хельсінскага Камітэту, аб тым, што ён мае паўнамоцтвы вывучаць умовы ў ізалятары часовага ўтрымання.

Атрыманую пад час маніторынгу інфармацыю праваабаронца перадасць адпаведным дзяржаўным органам і грамадскасці.

Паўла Левінава па гэтай справе ўпершыню затрымалі яшчэ 26 сакавіка, аднак праз некалькі гадзінаў яго ў шпіталь вывезла хуткая дапамога, а з-за праблемаў з ціскам судовы працэс быў адтэрмінаваны.

Пасля праваабаронца неаднаразова хадайнічаў пра адмену, або прынамсі растэрміноўку пакарання па прычыне слабога здароўя.

Тым часам у сеціве ўзнялася хваля падтрымання праваабаронцы. Людзі бяруць удзел у інтэрнэт-акцыі пад гэштэгам «Я такі як Паша» і публікуюць свае фотаздымкі з гэткім пасланнем, або дасылаюць лісты і паштоўкі Паўлу Левіну на адрас ІЧУ.

belsat.eu

Стужка навінаў