Віцэ-спікер польскага Сейму: Польшча – своеасаблівы мост паміж Беларуссю і ЕЗ


Рышард Тэрлецкі. Фота ryszardterlecki.pl

Віцэ-спікер Сейму Польшчы Рышард Тэрлецкі лічыць, што перыяд не выкарыстаных шанцаў ва ўзаемаадносінах ягонай краіны з Беларуссю «практычна завершаны». Пра гэта польскі палітык заявіў журналістам пасля сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам 2 жніўня ў Менску.

Тэрлецкі адзначыў, што ягоны візіт мусіць пацвердзіць, наколькі важная для Польшчы нармалізацыя адносінаў з Беларуссю. «Беларусь была і будзе суседам Польшчы, таму нармалізацыя стасункаў важная для абодвух бакоў», – падкрэсліў ён. Віцэ-спікер Сейму выказаў надзею на далейшае развіццё адносін паміж краінамі, для чаго парламентарыі, паводле яго, «будуць прыкладаць максімум намаганняў».

Польскі парламентарый паведаміў, што на сустрэчы з Андрэйчанкам бакі выказалі шэраг важных пытанняў для далейшага абмеркавання, у прыватнасці гістарычны дыялог і становішча польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі. «Думаю, мы прыйдзем да станоўчых вынікаў», – адзначыў Тэрлецкі.

Прадстаўнік Сейму таксама звярнуў увагу на тое, што Польшча зʼяўляецца своеасаблівым мостам паміж Беларуссю і Еўразвязам. «Спадзяюся, пасля вераснёўскіх выбараў да вас не будзе пытанняў, і адносіны Беларусі і ЕЗ працягнуць нармалізацыю», – заявіў польскі палітык.

Парламенцкая дэлегацыя Польшчы 2-га жніўня сустрэлася таксама са старшынёй Савету Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам. На 3-га жніўня запланаваныя спатканні з намеснікам міністра замежных спраў Аленай Купчыной і мітрапалітам Менска-Магілёўскім, арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, а таксама наведванне Курапатаў. 4-га жніўня пройдуць сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых уладаў і польскай супольнасці ў Баранавічах, у Берасці дэлегацыя пагутарыць з польскімі бізнесоўцамі, якія інвестуюць у Беларусь.

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары