Віцэ-міністр энергетыкі Літвы: «Я не ведаю, куды Беларусь будзе пастаўляць электраэнергію са сваёй АЭС»


Пасля таго, як расейскі амбасадар у Менску заявіў, што на БелАЭС у будучыні могуць зʼявіцца два дадатковыя рэактары, віцэ-міністр энергетыкі Літвы Сіманас Шатунас адзначыў, што і тыя рэактары, якія будуюцца цяпер, могуць аказацца залішнімі. 

Гэтая заява віцэ-міністра прагучала ў інтэрвʼю Балтыйскай службе навінаў (BNS ), перадае партал delfi.lt.

«Літва рэалізуе свой закон і не будзе пускаць электраэнергію з небяспечнай АЭС, таму я сапраўды не ведаю, куды, за выключэннем, магчыма, расейскага рынку, Беларусь будзе пастаўляць гэтую электрычнасць», – сказаў Шатунас.

Акрамя таго, паводле словаў віцэ-міністра, кошт электраэнергіі з БелАЭС дагэтуль не высветлены, бо Беларусь не прадстаўляе канкрэтных разлікаў. Шатунас уздымае пытанне і аб сховішчах адпрацаванага паліва.

«Перапрацоўка атамных адходаў, як сведчыць досвед Швецыі, вельмі дарагая, і часам складае ледзь не палову выдаткаў на развіццё самой атамнай станцыі. Ці ўключаныя гэтыя выдаткі, калі не, то які рэальны камерцыйны кошт гэтай АЭС?», – дадаў Шатунас.

Нагадаем, у мінулую пятніцу амбасадар Расеі ў Менску Аляксандр Сурыкаў заявіў, што пры спрыяльных умовах на рынку на рэзервовых пляцоўках можна пабудаваць яшчэ два рэактары і падвоіць магутнасць Астравецкай БелАЭС.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары