Vinsent і Shuma: «Буг і Дзвіна, Дняпро ды Нёман, вітаем усіх!» Новая песня на «Белсаце»!

urgent

Рэпер прадстаўляе трэк «Каляда», які запісаў сумесна з вакальнай часткаю гурта Shuma для праекту «Новае пакаленне на Новы год».

У кампазіцыі спалучыліся рэп-музыка і фольк-спевы. Вінсэнт напісаў тэкст для куплетаў, а Šuma Voices у складзе Русі, Надзеі Чугуновай і Юліі Гібкоўскай уплялі ў твор традыцыйны калядны напеў.

«Мы даўно хацелі зрабіць з дзяўчатамі нешта супольнае, – распавядае рэпер. – А тут якраз нам прапанавалі разам падрыхтаваць трэк да навагодняга тэлешоу. Відаць, прадусары адчулі, што мы пасуем адно да аднаго. Не імкнуліся да моднасці, але атрымалася актуальна. Думаю, якраз у гэтым і сэнс, каб паказваць народныя матывы праз сучасную музыку, сумяшчаць гіп-гоп, фольк і электроніку – гэта цікава гучыць і гэта можа слухаць моладзь, асабліва напярэдадні Калядаў».

Музыка прызнаецца, што гэтае свята яму бліжэйшае ды важнейшае, чым уласна Новы год. І ён намагаецца яго адзначаць у коле сям’і. У гэтым уласна і дадатковы сэнс трэка: «Было такое, што я ня мог адзначыць Каляды з роднымі і нават сустракаў у самоце далёка за мяжой. І ў гэтай песні якраз апавядаю тое, што багата дзе пабываў і вось цяпер я ўдома».

Удзельніцы Šuma Voices хутка спрацаваліся з Вінсэнтам. «Для прафесіяналаў гэта нескладана, – кажа спявачка Руся. – Правялі час мы з узаемнай карысцю: Вінсэнт нам расказаў колькі сакрэтаў чыткі, а мы яму правялі кароткі майстар-клас па народных спевах. Наагул праца прайшла камфортна, прыемна, без цяжкасцяў. Адна асалода!».

Акрамя вакалістак «Шумы» у трэку Вінсэнта таксама паўдзельнічаў Павал Сцепанцоў (DJ Andy Roc). Песня «Каляда» была запісаная для праекту «Новае пакаленне на Новы год». Відэавэрсію гэтага праекту можна ўбачыць у ноч з 31 снежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат».

Ішла Каляда пасярод двара,

Добрым людзям на ўвесь сьвет.

Пасярод двара залата гара,

Радуйцесь людзі, Каляда.

Буг і Дзьвіна, Дняпро ды Нёман, вітаем усіх!

Сёстры, браты, скажыце, колькі маеце сіл?

Гэта вядома, што нічога ў сьвеце ня вечна

Але мы тут надоўга, безумоўна, бясспрэчна.

Я быў на самым экватары братка, я быў на акіянах

Ішоў як мог, плыў чым мог, караблі, аэрапляны.

Марскія вакзалы, чыгунка, лётнішчы, аўтастрады,

І вось я дома, мы вітаем Каляды!

Мы вітаем Каляды, надзея гары!

Мы вітаем Каляды, цяпло падары!

Мы вітаем Каляды, надзея гары!

Мы вітаем Каляды, усе разам сябры!

Ішла Каляда пасярод двара,

Добрым людзям на ўвесь сьвет.

Пасярод двара залата гара,

Радуйцесь людзі, Каляда.

Навокал сям’я і сябры, навокал чароўны настрой,

Калядоўшчык на парозе, Новы Год не за гарой.

Шчасьце гэта проста, ты дыхай на поўныя грудзі,

Куцьця на стале – а гэта значыць усё будзе!

Мы ішлі па пустыні, мы ішлі празь лясы ды палі

Уздымаліся ўгору, высока на самы, на пік

І, безумоўна, нам там таксама ўсе былі рады,

Але дома найлепей, мы вітаем Каляды!

І вось я дома, мы вітаем Каляды!

Мы вітаем Каляды, надзея гары!

Мы вітаем Каляды, цяпло падары!

Мы вітаем Каляды, надзея гары!

Мы вітаем Каляды, усе разам сябры!

Добры вечар тому,

Хто ў етаму дому.

Добры вечар тому,

Хто ў етаму дому.

Ішла Каляда,

Ішла Каляда…

СБ/МЛ, belsat.eu

Фота Вольгі Куваевай

Глядзі таксама
Каментары