«Ветлівы і абыходлівы... Але сямʼя няшчасная. Вонкава падобны да ісламіста»: суседзі і знаёмыя пра беларуса, які загінуў за ІД


Пасля таго, як сайт «Kurdish Daily News» напісаў пра забітага курдскімі сіламі тэрарыста ІД, беларускія СМІ адшукалі знаёмых Дзяніса Васільева і распыталі пра тое, якім ён быў.

Вядома, што хлопец больш дзесяці гадоў не жыў на радзіме, але апошнім часам часта наведваўся. Нарадзіўся ў Горадні. Бацькі развяліся і маці пераехала з дзіцём у Чачэрск. Часамі Дзяніс жыў з маці, а часамі з бабуляй у Горадні. Бабуля памерла яшчэ ў 2009 годзе, іх гарадзенская кватэра цяпер пустуе. Некалькі гадоў здымаў іншую кватэру з дзяўчынай, дзяцей у іх не было. У 2014 канчаткова адтуль зʼехаў. Запомніўся жыхарам хрушчоўкі сваёй барадой і ветлівасцю.

«Заўсёды вітаўся. Калі трэба было дапамагчы, ніколі не адмаўляў… Ён даўно не жыве ў Беларусі. Але ў Горадню ён прыязджаў, быў аформлены афіцыйны выезд на ПМЖ у Аўстрыю. Гэта адбылося яшчэ ў 2011 годзе. Ужо тады ў Дзяніса Васільева была такая запамінальная барада, вонкава падобны да ісламістаў»…, – піша kp.by.

Журналісты «Камсамольскай праўды» таксама пагаварылі з былой класнай кіраўніцай Васільева, якая выкладала ў яго беларускую мову і літаратуру.

«Хлопчык вучыўся добра, асабліва яму падабалася мова і літаратура. З дзецьмі сябраваў, нармальны хлопчык. Але сямʼя няшчасная – маці выпівала, пра бацьку нічога не ведаю», – распавяла Вера Іванаўна.

Tut.by пагаварыў з гарадзенскімі суседзіямі хлопца, якія сцвярджаюць, што пасля школы Дзяніс пайшоў у вучылішча.

«Папрацаваў адно лета на рынку: дапамагаў кавуны разгружаць. А потым зʼехаў кудысьці. Гэта было больш за дзесяць гадоў таму. Хлопец быў нядрэнны – высокі, чорненькі, прыгожы».

«Казалі, што Дзяніс за мяжой, працуе з чачэнцамі недзе».

Таксама вядома, што ён адзінае дзіця ў сямʼі.

«Яна (маці Васільева – заўвага belsat.eu), можа, і дагэтуль не ведае пра гэта… Гэта адзіны сын, адзіны быў прамень у цёмным царстве. Яна яго так любіла! Увогуле не ведаю, што з гэтай жанчынай будзе. Быў цудоўны хлопец. Гэта без падману я вам кажу. Мама ж гэтага не хацела. Яна ж спадзявалася, што ён там добра жыве і ўсё ў яго нармальна», – распавяла Еўрарадыё школьная настаўніца Дзяніса Васільева.

У гарадзенскай мусульманскай суполцы пра Васільева не чулі. Магчыма, ён прыняў іслам пасля пераезду.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў