Венесуэла: 80% нафтаперапрацоўчых заводаў спынілі сваю працу


Пераважная большасць нафтаперапрацоўчых заводаў (80%) Венесуэлы спыніла працу. Пра гэта паведаміў кіраўнік прафсаюзу работнікаў нафтавай прамысловасці краіны Іван Фрэйтыс.

Паводле прафсаюзнага лідара, прадпрыемствы, што яшчэ працуюць, вырабляюць «нафтавыя адходы», якія затым прадаюць па нізкіх коштах, таму што самастойна не могуць перапрацаваць сыравіну.

Па словах Фрэйтыса, у краіне практычна спынілася вытворчасць бензіну. Адказнасць за тое, што адбываецца нафтавік усклаў на ўрад і прэзідэнта Нікаляса Мадура.

«Калі ў PDVSA (дзяржаўнай нафтагазавай кампаніі – заўв.) крызіс, то вінаватыя ў ім не санкцыі Трампа і Абамы, – падкрэсліў Фрэйтыс. – Адказнасць ляжыць толькі на Нікалясе Мадура, Уга Чавесе і тых карупцыянераў, якія кіравалі PDVSA, як ім хацелася».

У пятніцу, 22 снежня, PDVSA паведаміла пра буйныя збоі ў пастаўках паліва ў штаты Тачыра, Барынас і Сулія. У заяве кампаніі было сказана, што дэфіцыт паліва выкліканы «міжнароднай блакадай» і санкцыямі ЗША ў дачыненні да Венесуэлы.

ІІ, belsat.eu, паводле ТАСС

Стужка навінаў