Ватнік і нумар з магілы вязня трапілі ў парламент


Старэнькая кабета, якой бракуе сілаў падняцца, чытае «Ойча наш» у ложку. Вакол яе сабраліся людзі. Сцэна адбываецца ў польскім сейме.

Словы малітвы даносяцца з экрана, на якім паўтараецца кранальны відэазапіс, зроблены некалькі месяцаў таму на Сахаліне польскім фатографам і прафесарам Лодзкай кінашколы Кшыштафам Хэйкэ. Там ён пазнаёміўся з гераіняю роліка – 92-гадоваю Катажынай, унучкаю Францішка Цяханскага – польскага ссыльнага царскіх часоў, якога адправілі на Сахалін.

Відэазапіс стварае фон для выставы Кшыштафа Хэйкэ «Польскія сляды: ад даўніх Крэсаў да Сібіры», якая адчынілася ў будынку польскага парламенту. Яна прысвечана перадусім пакутным лёсам вязняў спачатку царскага, а пасля савецкага рэжымаў – ад удзельніка барскай канфедэрацыі Маўрыцыя Бянёўскага (1746-1786) да арыштаваных пасля Другой сусветнай вайны жаўнераў Арміі Андэрса. Лёсы многіх ягоных герояў звязаныя з Беларуссю.

Чытайце таксама >>> Жанчына рабіла партрэты вяскоўцаў на фотаматэрыялах з… рэнтген-кабінета >>>

Гэта не проста вернісаж, ён нагадвае музейную экспазіцыю. Побач з суровымі пейзажамі, змрочнымі будынкамі Гулагу і фотапартрэтамі можна ўбачыць рэпрадукцыі дакументаў і прадметы, прывезеныя аўтарам з падарожжаў па прасторах былога СССР, падчас якіх ён шукаў людзей і рэчы, што былі сведкамі польскасці на гэтых землях. Маршруты Кшыштафа Хэйкэ прайшлі праз Бурацію, Іркуцкую, Магаданскую ды Томскую вобласці, Камчатку, Краснаярскі край, Сахалін і Якуцію.

Цяпер польскія дэпутаты ды ўдзельнікі экскурсіяў па Сейме могуць на свае вочы пабачыць фрагменты ватніка і падэшву абутку, якія насілі іхныя суайчыннікі ў савецкіх лагерах, ды драўляную таблічку з нумарам вязня, якія ставілі на магілах. Гэтыя рэчы, калі б не трапілі ў рукі фатографа, назаўсёды былі б знішчаныя часам і забыццём.

Кшыштаф Хэйкэ ўжо больш за 20 гадоў падарожнічае па землях, якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, і за гэты час ператварыўся ў сапраўднага музейшчыка. Ён шукае польскія сляды ў архівах і прыватных калекцыях, а таксама запісвае бясцэнныя інтэрв’ю з людзьмі, якія дажываюць свой век. Вялікую гістарычную каштоўнасць гэтай працы адзначыў вядомы польскі гісторык і дыпламат Уладзіслаў Барташэўскі, для якога прамова на адкрыцці выставы стала апошняю ў жыцці. На наступны дзень ён адышоў з гэтага свету ва ўзросце 93 гадоў.

IA, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары