Хто адкажа за тэракт у Валнавасе?


Інтэрв’ю з прадстаўніком арганізацыі «Міжнароднага партнёрства за правы чалавека», якая праводзіць расследаванне трагедыі ва ўкраінскім горадзе.

Украінскія ўлады працягваюць расследаванне тэракту, які адбыўся 13 студзеня пад Валнавахаю ў Данецкай вобласці, калі загінулі 12 чалавек і яшчэ 20 былі параненыя. Украінскія сілавікі вінавацяць у арганізацыі і ажыццяўленні тэракта правадыроў гэтак званай ДНР. Што насамрэч адбылося 13 студзеня пад Валнавахаю сёння мы паспрабуем высветліць з Раманам Аўраменкам, які прадстаўляе арганізацыю «Міжнароднае партнёрства за правы чалавека», якая праводзіла незалежнае расследаванне ўсіх падзеяў.

«Белсат»: Вітаю вас, спадар Раман. Існуе некалькі версіяў наконт таго, што адбылося пад Валнавахаю. Адзін бок сцвярджае, Што абстралялі баевікі, іншы бок, у тым ліку і Расея, сцвярджае, што аўтобус падарваўся на міне. Якія вынікі вашага расследавання?

Раман Аўраменка: Наша арганізацыя вырашыла адправіць спецыяльную місію ў горад Валнаваха на месца падзей, каб паспрабаваць задакументаваць усе доказы, пагаварыць са сведкамі, з пацярпелымі, якія былі падчас абстрэлу на тым блок-пасце. Калі прааналізаваць усе сабраныя рэчавыя доказы, то можна з вялікай доляй упэўненасці сказаць, што людзі загінулі і атрымалі пашкоджанні ад разрыву снарада «Град», які быў выпушчаны з тэрыторыі населенага пункта Дакучаеўск, які на той момант і зараз знаходзіцца пад кантролем сілаў ДНР.

«Белсат»: А чаму ў выніку з’явілася версія пра тое, што аўтобус падарваны мінай, якую заклалі ўкраінскія салдаты?

Раман Аўраменка: Абсалютна адназначна можна сказаць, што гэтая версія нарадзілася ў галовах тых, хто не быў на месцы здарэння. Дастаткова агледзець саму варонку, яна мае характэрны скос з аднаго боку – з боку як раз паўночнага ўсходу ў кірунку да Дакучаеўску і крутая з другога боку, а таксама абследаваўшы ўсе іншыя варонкі на поле ад разрыву, мы ўбачылі: усе яны аднатыпныя. Характэрныя таксама скосы, якія паказваюць куты ўваходжання снарада ў зямлю. Непасрэдна каля месца выбуху расце дрэва, якое было пашкоджана асколкамі на вышыню да 4 метраў, калі б гэта была міна накіраванага дзеяння, то ўсе аскепкі, усе паражальныя элементы ляцелі б у адным кірунку і не магло быць пашкоджанняў асколкамі дрэва на вышыню да 4 метраў. Прычым да гэтага выпадку блок-пост ніколі не абстрэльвалі і такія пашкоджанні не маглі з’явіцца ў выніку іншага абстрэлу. Сведкі сцвярджаюць, што выбухаў было некалькі, нават некалькі дзясяткаў, яны пачаліся спачатку ў поле, дзесьці за 400 метраў ад блок-паста, а потым набліжаліся, і адзін са снарадаў разарваўся ў непасрэднай блізасці ад аўтобуса. Наша місія таксама ля месца разрыву выняла фрагмент, хутчэй за ўсё, корпуса ракеты «Град». З іншых варонак мы вынялі таксама часткі корпуса і стабілізатараў, хутчэй за ўсё, належаць да зброі таго ж тыпу. Загадчык траўматолагіяй Валнавахскага цэнтральнага шпіталя дэманстраваў нам аскепкі, якія ён асабіста здабываў з целаў пацярпелых людзей. Яны не былі падобныя на паражальныя элементы міны Мон-50.

«Белсат»: Куды вы будзеце прадстаўляць усе гэтыя доказы? Ці вядома ўладам, што вы праводзілі такое расследаванне? Якая каштоўнасць гэтых доказаў? І што вы з імі будзеце рабіць далей?

Раман Аўраменка: Усе гэтыя доказы мы дакументуем па спецыяльнай форме, якая дазваляе разглядаць іх як валідныя ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе. Па-першае, паказанні сведак завізаваныя подпісам самога сведкі, іх нельга якім-небудзь чынам змяніць. Яны ў цвёрдай копіі ўзятыя і на кожным лісце сведка распісаўся, а, па-другое, месца абстрэлу і ўсе вынятыя рэчавыя доказы мы фіксавалі на фота- і відэаздымках. Такая форма атрымання доказаў дастатковая для таго, каб іх прымалі ў Міжнародным крымінальным судзе.

«Белсат»: Супраць каго?

Раман Аўраменка: Вінаваты бок будуць шукаць ужо міжнародныя следчыя, так як мы толькі дакументуем злачынства, і я зараз агучваю не вынікі расследавання, а відавочныя рэчы, якія бачныя пры дакументаванні месца злачынства. Усё ў сукупнасці, паказвае на тое, што абстрэл быў здзейснены прадстаўнікамі сілаў так званага ДНР. Але, вядома, канчатковыя вынікі не гатовыя, яны будуць доўга, старанна і ўважліва расследавацца міжнароднымі пракурорамі і следчымі.

Стужка навінаў