Валер Карбалевіч: Калі ў парламент і пусцяць апазіцыянераў, то самых слабых

video

Калі ў беларускі парламент і трапіць нехта з апазіцыі, то гэта не будзе вынікам волевыяўлення насельніцтва, а палітычным рашэннем уладаў Беларусі адносна канкрэтных кандыдатур, мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Выбарчая кампанія ў Беларусі дасягнула піку, але сам працэс амаль незаўважны ў грамадстве. Пра асаблівасці сёлетніх выбараў «Белсат» паразмаўляў з палітолагам Валерам Карбалевічам.

– Спадар Валер, да выбараў у парламент засталося два з паловай тыдні, але сама агітацыйная кампанія праходзіць даволі слаба. Чаму такія шэрыя выбары?

– Таму што выбары праходзяць паводле звычайнага беларускага сцэнара, паводле якога выбары – гэта не выяўленне настрояў, пажаданняў, інтарэсаў грамадства. Выбары ў інтэрпрэтацыі ўладаў – гэта бюракратычны, тэхнічны працэс, калі людзі мусяць прыйсці на выбарчыя ўчасткі і, як кажуць афіцыйныя медыі, выканаць грамадзянскі абавязак – прагаласаваць. А дзеля гэтага непатрэбная ніякая агітацыйная кампанія, дзеля гэтага непатрэбныя кандыдаты ў дэпутаты. Гэта ўсё як бы лішняе ў беларускай выбарчай кампаніі. Галоўнае медыйныя субʼекты выбараў – гэта выбарчыя камісіі, гэта Цэнтрвыбаркам і, зразумела, галоўная зорка беларускага дзяржаўнага тэлеэкрана – Лідзія Ярмошына.

– Ужо доўгі час ідзе размова пра тое, што сёлета ўпершыню за доўгі час у парламент можа трапіць нехта з апазіцыйных кандыдатаў. Няўжо на гэта нехта спадзяецца?

– Такія размовы хадзілі і падчас выбараў 2008 года, прычым былі нават цвёрдыя абяцанні, у адрозненні ад сённяшняй сітуацыі, абяцанні еўрапейскім амбасадарам фактычна ад другой асобы ў краіне. Цяпер гэтага няма, таму размовы ёсць, але ці адбудзецца гэта – сказаць цяжка. Я думаю, што рашэнне пакуль не прынятае на беларускім палітычным узроўні. Нават калі гэта адбудзецца, то гэта будзе палітычнае рашэнне адносна нейкіх пэўных, канкрэтных кандыдатур, гэта не будзе вынікам галасавання, вынікам волевыяўлення насельніцтва. Зразумела, калі і будуць выбіраць, то будуць выбіраць самых слабых, людзей, на якіх, магчыма, будуць мець кампрамат, і гэтак далей.

– Упершыню за доўгія гады ў Беларусі з’явіўся білборд у падтрыманне альтэрнатыўнага кандыдата – Таццяны Караткевіч. Пра што гэта сведчыць, на ваш погляд?

– Я не думаю, што гэта пра нешта сведчыць. Магчыма, гэта мае паказаць еўрапейскім назіральнікам, што ў нас выбары праходзяць амаль як у Еўропе і нават адзін білборд на ўсю краіну зʼявіўся. Ну, гэта такі рэкламны элемент.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары