Вада з калодзежу. Дарогі – няма


Гэта не глухая вёска, а Светлагорск – горад з больш як 70-цю тысячамі насельніцтва. Вуліца Беразінская нібыта застыла ў часе дзясяткі гадоў таму.

ГАЛІНА МІТРАХОВІЧ, ЖЫХАРКА ВУЛ. БЕРАЗІНСКАЯ, СВЕТЛАГОРСК:

«Мы жывем з 2000 года, у нас дагэтуль няма ні вады, ні дарогі. Вясна такая была, што насілі з сабою гумавыя боты, каб перайсці лужыну ў пачатку вуліцы».

Газавыя пліты ў кухнях на Беразінскай працуюць – але толькі дзякуючы самым жыхарам, якія аплацілі газіфікацыю на 70 адсоткаў. На вулічныя ліхтары скідваліся грашыма сем’і з дзецьмі. Навесці ж парадак замест адпаведных службаў грошай у людзей не стане: увесну і ўвосень з прычыны лужынаў па вуліцы ні прайсці, ні праехаць, улетку – праблемы з вадою, бо калодзеж перасыхае.

АЛЕНА ВЕЖНАВЕЦ, ЖЫХАРКА ВУЛ. БЕРАЗІНСКАЯ, СВЕТЛАГОРСК:

«Няма вады! Мы сваймі сіламі праз вуліцы праводзілі ваду. Цэнтралізавана мы падвялі, але ціску не стае, і кааператывы сказалі – збіраць не будуць».

Большасць жыхароў вуліцы жыве тут ужо 15 гадоў. Замест абяцанняў, што гучалі раней ад чыноўнікаў, цяпер яны чуюць апраўданні. На нядаўнім спатканні з кіраўніцтвам раёну аказалася, што жыхары Беразінскай сталіся ахвярамі памылкі ў размеркаванні бюджэту.

ЛАРЫСА КОЎШАР, ЖЫХАРКА ВУЛ. БЕРАЗІНСКАЯ, СВЕТЛАГОРСК:

«Прыязджалі сюды прадстаўнікі – і гарвыканкаму, і мы задавалі пытанні наконт дарогі: усе, што зрабілі, – гэта падсыпалі крыху гравію. Патлумачылі гэта тым, што фінансаванне скончылася на суседняй вуліцы: яно скончылася на суседніх дзвюх – Заходняй і Пятроўскай».

Жыхары Беразінскай звярталіся ў гарвыканкам, райвыканкам ды ў Палату прадстаўнікоў. Наступны крок – ліст у адміністрацыю прэзідэнта. Аднак і на яго светлагорцы пасля 15-ці гадоў змаганняў за святло, ваду і дарогу асабліва не разлічваюць

МВ, belsat.eu

Стужка навінаў