Ва Украіне распачынаецца люстрацыя ўлады


9 кастрычніка Пятро Парашэнка падпісаў закон «Аб ачышчэнні ўлады», з агаворкай, што лічыць яго недасканалым.

  Заканадаўчае афармленне працэсу люстрацыі – аднаго з галоўных патрабаванняў Майдану – адбылося ў верасні. Тады, дажываючы свае апошнія дні парламент (які яшчэ ў студзені галасаваў за «дыктатарскія законы» Януковіча) падтрымаў закон «Аб ачышчэнні ўлады». Але, толькі пасля таго, калі ля сцен Вярхоўнай Рады пачалі гарэць  аўтамабільныя пакрышкі.

  Паводле Канстытуцыі Украіны прэзідэнт павінен падпісаць закон або накласці на яго вета цягам 14 дзён. У выпадку з люстрацыяй гэты тэрмін мінае 10 кастрычніка. Аднак, Парашэнка падпісаў закон, нягледзячы на яго недасканаласць.

  Люстрацыя закране 1 млн. чыноўнікаў, заявіў сёлета ўкраінскі прэм’ер Арсень Яцанцюк. А ачышчэнне ўлады прадугледжвае 10 – гадовую забарону на выкананне функцый дзяржчыноўнікаў не толькі дробных бюракратаў, але і ўсіх ключавых фігурантаў мінулага рэжыму.

Змагары супраць люстрацыі

  Зрэшты большасць экс-чыноўнікаў збеглі з краіны. Але існуе цэлы шэраг адыёзных постацяў, якія спрабуюць захаваць уплыў у новай палітычнай сітуацыі. Сярод іх – шэры кардынал Віктара Януковіча, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта ў 2010-2014 гадах – Сяргей Лёвачкін (сышоў са сваёй пасады яшчэ да крывавых падзей на Майдане ў лютым гэтага года). Нейкі час таму Лёвачкін разгарнуў у СМІ кампанію супраць падпісання закона аб люстрацыі. Кампанія правалілася і шэры кардынал праз сваю сястру дэпутата адправіў тэкст дакументу на аналіз у Венецыянскую камісію. На пару з ім супраць люстрацыі змагаецца і Партыя рэгіёнаў, прадстаўнікі якой збіраюцца абскардзіць закон у Канстытуцыйным судзе Украіны.

  Супраць люстрацыі выступаюць і некаторыя прадстаўнікі новай улады. Так, генпракурор Украіны заявіў, што закон супярэчыць украінскай Канстытуцыі, міжнароднаму праву, што ў хуткім часе прывядзе да вялікай колькасці пазоваў у Еўрапейскі суд па правах чалавека.

  Аднак дэпутат парламента і адзін з аўтараў закона Леанід Ямец запэўнівае, што працэдура люстрацыі не парушае ніякіх канцэптуальных стандартаў і правоў чалавека. «Еўрапейцы сцвярджаюць, што рызыкі задавальнення падобных скаргаў у Еўрапейскім судзе па правах чалавека няма», – кажа ён.

  Мяркуючы па ўсім, сарваць «ачышчэнне ўлады» ужо не атрымаецца. Закон аб люстрацыі пачне дзейнічаць у бліжэйшыя дні. Але, як падкрэслівае адзін з распрацоўшчыкаў закону, грамадскі актывіст Карл Волах, гэты дакумент – толькі першы крок да поўнага ачышчэння ўлады. Пад дзеянне закону падпадае толькі адна з трох галінаў улады – выканаўчая. Выбарныя пасады (дэпутаты парламента, мясцовых саветаў, мэры) паводле патрабаванняў еўрапейскіх экспертаў былі выключаны з шэрагаў люстраваных. На думку Еўропы, найбольш справядлівым гатункам люстрацыі з’яўляюцца выбары. Што датычыцца судовай улады, то для звальнення суддзяў у рамках люстрацыі трэба змяніць Канстытуцыю Украіны.

  Аднак люстрацыя чыноўнікаў і сілавікоў будзе даволі жорсткай. Уся палітычная вярхушка з эпохі Януковіча, ад экс-прэзідэнта і да першых намеснікаў міністраў, будзе адхіленая ад улады на бліжэйшыя 10 гадоў. На такі ж тэрмін з сілавых структур звольняць і прадстаўнікоў кіруючага звяна Генпракуратуры, МУС, Службы бяспекі Украіны. Пад люстрацыю трапяць і шараговыя супрацоўнікі сілавых структураў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях супраць актывістаў Майдану.

Права змыць віну крывёй

  Зрэшты, сілавікам, злачынствы якіх пакуль не даказалі ў судзе, дадуць «права змыць віну крывёй»: іх не звольняць у тым выпадку, калі яны бяруць удзел у ваенных дзеяннях на ўсходзе краіны ў складзе ўкраінскіх войскаў.

  Чыноўнікі і сілавікі ніжэйшага звяна могуць застацца на дзяржаўных пасадах пасля люстрацыйнай праверкі, у рамках якой яны павінны прадставіць інфармацыю пра свае даходы і расходы. Правяраць будуць і маёмасць блізкіх.

На 10 гадоў адхіляць ад выканаўчай улады і тых, хто супрацоўнічаў з КДБ у часы СССР, альбо займаў кіруючыя пасады ў Кампартыі.

 Закон аб люстрацыі нельга разглядаць як інструмент поўнага знішчэння карупцыі ва Украіне, падсумоўвае Леанід Ямец. Паводле распрацоўшчыка праекту люстрацыі, мэта закону – вярнуць давер грамадства да ўлады. Пераняць эстафету ў барацьбе з карупцыяй заклікае прэзідэнцкі законапраект аб стварэнні антыкарупцыйнага бюро, які на гэтым тыдні прайшоў першае чытанне ў Вярхоўнай Радзе.

Прыняцце закона аб люстрацыі, дадае Карл Волах, другі аўтар закону, варта разглядаць як поспех грамадзянскай супольнасці ў будаўніцтве цывілізаваным шляхам новай дзяржавы.

Пізнюк Андрэй, belsat.eu

 

Стужка навінаў