Выконваючы абавязкі прэм’ер-міністра Арменіі Карэн Карапэтʼян патлумачыў адмену сустрэчы з апазіцыяй і прапанаваў прэзідэнту Арменіі абмеркаваць унутрыпалітычную сітуацыю.
Сёння павінна была адбыцца сустрэча дэпутата парламента, лідара пратэстаў Нікола Пашыньяна з Карэнам Карапэт’янам.
«Паведамляю, што сустрэча не адбудзецца, бо Нікол Пашыньян у аднабаковым парадку высунуў новыя ўмовы, у прыватнасці з нагоды фармату, парадку і асвятлення сустрэчы», – заявіў Карапэт’ян.
Выконваючы абавязкі прэм’ера таксама адзначыў, што Пашыньян прапанаваў свой спіс удзельнікаў з боку парламенту і меў намер абмяркоўваць толькі свае пытанні.
«Гэта азначае не перамовы або дыялог, а прадстаўленне ўласнага парадку і пункту гледжання аж да вызначэння ўдзельнікаў сустрэчы», – зазначыў Карапэтʼян.
У сваю чаргу Нікол Пашыньян яшчэ ўчора паведаміў, што прапаноўваў правесці перамовы ў фармаце «тры на тры».
«Наступная ўмова – каб уся наша гутарка, як і ў выпадку з Сэржам Саргсьянам, праходзіла ў прысутнасці журналістаў, каб грамадскасць ведала, пра што мы гаворым», – дадаў Пашыньян.
Па словах Пашыньяна, улады яму не адказалі на ягоныя прапановы, таму ён абвяшчае мітынг на плошчы Рэспублікі.
Выконваючы абавязкі прэм’ера звярнуўся да прэзідэнта Арменіі з прапановай арганізацыі сустрэчы «для абмеркавання ўнутрыпалітычнай сітуацыі і вызначэння магчымых шляхоў выхаду з яе аж да правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў».
Нагадаем, што пасля хвалі пратэстаў па ўсёй краіне прэмʼер-міністр Арменіі Сэрж Саргсьян падаў у адстаўку, на гэтым пасту ён прабыў 6 дзён.
ГА, belsat.eu паводле news.am. Фота: Artyom Geodakyan / TASS / FORUM