#УсыПоддержкиПинск: Школьнікі абараняюць свайго дырэктара ад звальнення


Канфлікт у пінскай школе № 18 паміж працаўнікамі ды вучнямі школы № 10 здарыўся 11 верасня. Бацькі двух хлопцаў сцвярджаюць, што дырэктар збіў дзяцей і мужчыну трэба звольніць. Школьнікі і неабыякавыя пачалі акцыю падтрымання Фёдара Радзівона. Сам педагог 12 верасня трапіў у шпіталь з гіпертанічным крызам.

Юнакі не першы раз прыходзілі на ганак чужой школы са скейтамі і самакатамі. Раней дырэктар дазваляў катацца, але пасля наезду на школьніка, забараніў. На просьбы адміністрацыі сысці яны рэагавалі смехам і аргументам, што школа – грамадскае месца і іх асабістая прастора.

Адзін з канфліктаў яны запісалі на відэа і выклалі ў Youtube. У каментарах пад відэа, а таксама ў іншых сацыяльных сетках карыстальнікі называюць хуліганаў-блогераў дэбіламі ды ідыётамі і вінавацяць у тым, што яны падставілі чалавека.

Пасля шматлікіх абразаў і пагрозаў у бок вахцёркі ды настаўніц, дырэктар выйшаў са школы, каб папрасіць сысці. У адказ ён пачуў «Ідзі на ***».

Тады Фёдар Радзівон вырашыў адвесці абодвух на размову. Адзін з іх зваліўся са скейту і прыкусіў губу. Педагог завёў хлопцаў у настаўніцкую, выклікаў бацькоў і сацыяльнага педагога. Размовы не атрымалася, канфлікт перарос у сварку.

Хлопцаў забрала хуткая. Маці 5-класніка напісала на дырэктара заяву ў міліцыю і Берасцейскі аблвыканкам з патрабаваннем звольніць педагога.

Вучні школы №18 заступіліся за дырэктара. Дзеці здымаюць відэазвароты, размалявалі асфальт, сцены будынку абляпілі стыкерамі і плакатамі.

 

Лозунгам акцыі стала фраза «Мы любім дырэктара!» Акцыю падтрымліваюць бацькі і школьнікі з іншых вучэбных установаў гораду.

Актор мясцовага тэатру запусціў флэш-моб #УсыПоддержкиПинск.

Перад тым, як трапіць у шпіталь з гіпертанічным крызам, Фёдар Радзівон распавёў пабліку «Pins is love» наступнае: ён шкадуе, што схапіў дзяцей, і яны самі выпадкова сутыкнуліся.

Як распавяла belsat.eu адна з вучаніц школы №18, дырэктар дагэтуль знаходзіцца ў шпіталі.

«Малалетні хуліган вярнуўся ў школу пасля інцыдэнту, пагражаў сарваць плакаты, але нічога не зрываў. Яго прагналі школьнікі, але нічога яму не зрабілі. Дырэктару ўжо лепей», – распавяла дзяўчына.

Яна таксама кажа, што не ўпэўненая ці Фёдар Радзівон вернецца ў школу.

«Ідзе разборка з вышэйшымі органамі, а мы, вучні, пакуль нічога не ведаем», – дадала яна.

У шпіталі Фёдар Радзівон зняў відэа падзякі вучням.

Дырэктар школы №10, дзе вучацца хлопцы, адмовіўся ад каментароў.

«Асабістае меркаванне я пакіну пры сабе. З хлопцамі размаўлялі, але больш нічога не скажу. Яны ходзяць у школу», – сказаў Сяргей Тамільчык.

Цяпер інцыдэнт расследуе міліцыя.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў