Усе расейцы роўныя, але чачэнцы – раўнейшыя


Журналістка Елена Масюк просіць Раду па правах чалавека пры прэзідэнце Расеі абскардзіць у пракуратуры вяселле, што адбылося ў Грозным.

Шлюб Луізы Гайлабіевай і Нажуда Гучыгава прыцягнуў да сябе ўвагу практычна ўсяго свету. І не толькі таму, што жаніх гадоў на 40 старэйшы за непаўнагадовую нявесту.

Чачэнскія медыі назвалі гэтае вяселле «Вяселлем тысячагоддзя». Бо гэтак сказаў іхны прэзідэнт Рамзан Кадыраў.

Расейскія медыі назвалі нявесту «Каўказскаю нявольніцай». Бо яна не выглядала шчасліваю.

Вяселле кіраўніка міліцыі Нажай-Юртаўскага раёну Нажуда Гучыгава і 17-цігадовай Луізы Гайлабіевай святкавалі на найвышэйшым узроўні. Нявесту ў ЗАГС прывёў кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі і ўраду Магамед Даудаў. Святкавалі ў самым шыкоўным рэстаране Грознага. Сам Рамзан Кадыраў танчыў лезгінку. Усё ж блізкі сябра ажаніўся.

Праўда, Нажуд Гучыгаў жаніўся не першы раз. Вось ягоная першая жонка, побач з другою. Афіцыйна яна развялася з галоўным міліцыянерам раёну, але дэ-факта яны ўсе цяпер жывуць вялікаю чачэнскаю сям’ёй.

Расейцы па-за Чачэніяй гэтае вяселле абмяркоўвалі бурліва, робячы націск на тэме шматжонства, розніцы ва ўзростах маладажонаў, а таксама, ці пайшла Луіза замуж сама, ці яе сям’ выдала.

ЖЫХАРЫ МАСКВЫ:

«Што значыць выдалі? Гэта ж не баран, якога можна так узяць».

«Напэўна, для іх гэта натуральна».

«Гэта іншая краі… рэспубліка, якая мае свае спрадвечныя традыцыі».

Але традыцыі былі парушаныя. Калі Нажуду Гучыгаву спадабалася тады яшчэ школьніца Луіза, ён загадаў сваім міліцыянтам перакрыць праезды ў ейную вёску. Сваякі дзяўчыны баяліся размаўляць з журналістамі, але ў медыі трапіла інфармацыя пра пагрозы выкрадання нявесты. Сям’і давялося пагадзіцца.

АЛЯКСАНДР ЧАРКАСАЎ, ПРАВААБАРОНЧЫ ЦЭНТР «МЕМАРЫЯЛ», МАСКВА:

«Калі не сям’я вырашае, а сям’і дыктуе хтосьці моцны гэтага свету, то гэта насуперак звычаям».

Грамадская ўвага да вяселля Гучыгава моцна раззлавала Рамзана Кадырава. Кіраўнік рэспублікі прысвяціў барацьбе з чуткамі і жартамі на гэтую тэму адмысловыя паседжанні. Адно – з кіраўнікамі выданняў і тэлеканалаў, другое – з сілавікамі. Паводле Кадырава, мусіць быць толькі адна версія, як адбылося «Вяселле тысячагоддзя».

РАМЗАН КАДЫРАЎ, КІРАЎНІК ЧАЧЭНСКАЙ РЭСПУБЛІКІ:

«Такія плёткі распускаюць людзі, якія не маюць ніякага дачынення да падзеі. І калі ўзяць іхны радавод, то бачна, што ніводнаму з сям’і гэтак і не выйшла нічога дасягнуць».

Тых, хто ў сацыяльных сетках ды на кухнях фрывольна абмяркоўваў той шлюб, Кадыраў называў і наркаманамі, і дармаедамі, і эмісарамі заходніх спецслужбаў. Некалькі чалавек – чачэнцаў, якія жартавалі са шматжонства ГучыгаваКадыраву адмыслова прывезлі на публічны разнос.

РАМЗАН КАДЫРАЎ, КІРАЎНІК ЧАЧЭНСКАЙ РЭСПУБЛІКІ:

«Вы катуеце людзей. Вам бы спадабалася, калі б вас так абмяркоўвалі? Калі закранаюць гонар, годнасць дзяўчыны і сям’і, ведаеце, што бывае? Ворагамі становяцца і кроўную помсту абвяшчаюць».

Кроўная помста і выкраданне нявесты – з’явы, што супярэчаць расейскім федэральным законам. Але ў Чачэніі закон – гэта Кадыраў. І чачэнцам у Расеі дазволена крыху больш, чымся іншым.

АЛЯКСАНДР ЧАРКАСАЎ, ПРАВААБАРОНЧЫ ЦЭНТР «МЕМАРЫЯЛ», МАСКВА:

«Расследванне цяжкіх крымінальных справаў павісае ў паветры, не даходзіць да канца і спыняецца толькі таму, што фігуранты гэтых крымінальных справаў нават не займаюць высокіх пасадаў, а належаць да мясцовых сілавых структураў».

Маецца на ўвазе, у тым ліку, крымінальная справа аб забойстве палітыка Барыса Нямцова. Там кіраўніка следчай групы адхілілі ад справы пасля спробы выклікаць на допыт чачэнскіх міліцыянтаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў