Уратаваць ката: місія з перашкодамі


Чатыры відэагісторыі, як людзі ратуюць катоў, і адна – як кот ратуе чалавека.

Гэтае чорнае кацяня выпала з балкону шматпавярховіку ў адным з гарадоў Украіны. Ад падзення з 9-га паверху жывёліну ўратавалі вяроўкі для бялізны. Але колькі б кацянё магло пратрымацца на іх? Жыхары кватэры на паверх ніжэй расцягнулі коўдру, каб злавіць ката. Праўда, той скакаць на коўдру не збіраўся, таму жывёліне давялося дапамагчы… швабраю.

Другая гісторыя – з Расеі. Тыповая сітуацыя: кот залез на дрэва і не можа злезці. Ратаваць прыехалі пажарныя. Але метад яны абралі сумнеўны – збілі ката з дрэва напорам вады. Нягледзячы на падзенне з вышыні, кот самастойна пакінуў месца здарэння.

У Светлагорску котка правяла на дрэве 6 дзён – без ежы ды вады. Да яе ўжо пачалі падбірацца вароны і, падобна, котка ў выніку памерла, калі б не камунальнікі. Тыя прыехалі на аўтавышцы, знялі жывёліну з 13-метровай вышыні ды аддалі ў рукі гаспадыні.

 

Чацвёртая гісторыя сталася гітом у інтэрнэце: гэтым разам кацянё ратавалі амерыканскія пажарныя. Коры Кэланік (Cory Kalanick) не толькі вынес ката з задымленага дому, але і надаў першую медычную дапамогу – намачыў вадою ды прыклаў да пысы кіслародную маску. Гэтае відэа праглядзелі больш за 20 млн разоў.

Другі гіт інтэрнэту – здарэнне, як котка ўратавала хлопчыка ад агрэсіўнага сабакі. Але на гэтым гісторыя гераічнай коткі на мянушку Тара (Tara) не скончылася. На мінулым тыдні ветэранскае грамадскае аб’яднанне ЗША ўзнагародзіла котку ордэнам. Сьюзан Гэйнз (Susan Haines), выканаўчая дырэктарка «Exercise Tiger Association», заўважыла, што анёлы-абаронцы бываюць рознымі, і котка Тара гэта пацвердзіла.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў