Урад стварыў працоўную групу для падрыхтоўкі дакладу аб стрэс-тэстах на БелАЭС


Адпаведнае распараджэнне падпісаў прэмʼер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў. Група падрыхтуе нацыянальны даклад аб мэтавай пераацэнцы бяспекі АЭС у Астраўцы.

Пра гэта паведамляецца на сайце ўрада.

Групу ўзначаліла начальнік дэпартамента па ядравай і радыяцыйнай бяспецы міністэрства па надзвычайных сітуацыях Вольга Лугоўская.

Група мусіць падрыхтаваць даклад да 31 жніўня 2017 года. Пры неабходнасці яна можа прыцягваць кіраўнікоў і спецыялістаў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных ураду.

Стрэс-тэсты на Беларускай АЭС правялі напрыканцы 2016 года.

Стрэс-тэсты заключаюцца ў праверцы экстрэмальных уздзеянняў і адаптацыі АЭС на выпадак надзвычайных сітуацый. У ходзе стрэс-тэстаў праводзіцца праца паводле ацэнкі бяспекі АЭС пры ўзнікненні экстрэмальных вонкавых уздзеянняў, прагназуецца наступствы такіх прыродных фактараў, як спалучэнні затаплення, экстрэмальныя ўмовы надворʼя і вонкавае ўздзеянне, наступствы страты функцый бяспекі, выкліканыя стратай электразабеспячэння АЭС ды іншыя сітуацыі.

Беларуская АЭС ўзводзіцца побач з Астраўцом у 50 кіламетрах ад Вільні.

Першая місія Міжнароднага агенцтва атамнай энергетыкі – МАГАТЭ – адзначыла адсутнасць належнага кантролю за якасцю будаўніцтва.

На будоўлі зафіксавана шмат выпадкаў. І канструкцыі абвальваліся з-за няякаснага бетону, і людзі на будоўлі гінулі. Працы найвышэйшага ўзроўню бяспекі выконваюць беларускія падрадчыкі без 1-га ўзроўню кваліфікацыі. Сам рэактар – з парушэннямі – вырабіла расейская кампанія «Валгадонскатаммаш», якая да гэтага не рабіла атамных рэактараў увогуле.

Падчас выгрузкі корпус 1-га рэактара ўпаў з некалькіх метраў вышыні – толькі пасля гучнай рэакцыі грамадства яго замянілі. А прывезены на змену корпус ударылі кажухом аб слуп ля чыгункі – і ўсталявалі на станцыі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў