Улады спачатку паабяцалі бясплатныя візы замежным аўтатурыстам, а цяпер думаюць


Кіраўнік Саюзу кемпінгаў Беларусі распавядае пра «скандальную сітуацыю» з удзелам беларускіх чыноўнікаў.

7-10 траўня на возеры Селява (Крупскі р-н) адбудзецца міжнародны фестываль караванэраў. Кіраўнік Саюзу кемпінгаў Беларусі Уладзімір Руды кажа, што ідэя фестывалю ўзнікла пасля абяцанняў уладаў забяспечваць бясплатнымі візамі караванэраў-замежнікаў, якія наведваюць буйныя мерапрыемствы ў нашай краіне.

«І вось у мяне скандальная сітуацыя, таму што сёння мне чыноўнікі кажуць: можа, будуць бясплатныя візы, а можа – не! А на сёння ўжо зарэгістравана 45 машынаў з Эстоніі – каля 100 асобаў, 18 машынаў з палякамі – у кожнай прынамсі па тры асобы, каля 10 літоўскіх машынаў, ідуць перамовы з вугорцамі і гэтак далей. Патрэбна прыкладна 170 візаў, і гэта не мяжа», – распавёў Уладзімір Руды.

На яго думку, такая цікаўнасць магла ўзнікнуць акурат пасля навіны пра бясплатныя візы. Цяпер пра гэтыя візы пытаюцца, але невядома, ці будуць яны. Уладзімір Руды плануе вырашаць пытанне з асобнымі амбасадамі, але адзначае, што «сістэма – поўная цемра».

«Здавалася б, вось – бяры турыстаў і прымай. Людзі прыедуць, паглядзяць на нашую краіну, якая яна бяспечная, прыгожая, Беларусь атрымае нейкую рэкламу. Чым дрэнна», – задаецца пытаннем Уладзімір Руды.

Паводле кіраўніка Саюзу кемпінгаў Беларусі ў 2014-м папулярызаваць караванінг у Беларусі спрабаваў Міхаіл Мясніковіч. Але з прыходам новага прэмʼера ўвага да кемпінгаў знікла.

НМ, belsat.eu, паводле «Турызм і адпачынак»

Стужка навінаў