Улады рыхтуюцца да пераследу беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне

video

Міністэрства ўнутраных справаў зоймецца беларусамі, якія ваююць ва Украіне. Кіраўнік сілавога ведамства Ігар Шуневіч паведаміў, што сёння паводле артыкулу «Найміцтва» збіраюцца матэрыялы на двух дзясяткаў асобаў, што бяруць удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі паўднёвай суседкі Беларусі.

«Для нас не важна, на чыім баку ваюе чалавек, – нам важна, што чалавек парушае наш беларускі закон. Таму ў групе ёсць і тыя, хто ваюе на баку ўраду Украіны, так і тыя, хто ваюе на баку ДНР і ЛНР» – папярэджвае Ігар Шуневіч, Міністр унутрах спраў.

Адным — турма, іншым — прафілактычная размова

Што праўда, крымінальныя справы заводзіць будуць не на ўсіх. Паводле Шуневіча, калі падставаў для распачынання справы будзе недастаткова, то абмяжуюцца толькі дадатковымі аператыўна-вышуковымі захадамі.

«Для таго, каб распачаць крымінальную справу, адных галаслоўных заяваў – што нехта там прымаў удзел, нехта некага бачыў, нехта сфатаграфаваўся са зброяй у руках, у адзенні сепаратыста ці жаўнера Нацыянальнай гвардыі – гэта яшчэ не азначае, што яго можна працягваць да адказнасці» – мяркуе Мечыслаў Грыб, генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы.

Яшчэ да заявы міністра Шуневіча праваахоўнікі даволі актыўна пачалі вышукваць беларусаў, якія ваююць на баку Украіны. Чаго не сказаць пра тых, хто ўдзельнічае ў ваенных аперацыях у шэрагах прарасейскіх баевікоў. Напрыклад, у Гомлі нецвярозы пасажыр маршруткі адкрыта прапаноўваў блогеру Алесю Плотку набыць стужку патронаў з ДНР.

«Няма вайны — няма грошай. Паеду,калі зноў вайна распачнецца. Канешне паеду. Дзе яшчэ зарабіць грошай?» – кажа сепаратыст, які ваяваў за ДНР.

Рэакцыя беларускіх дабраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну

Тыя ж ваяры, што прымаюць удзел у вайне на ўкраінскім баку, не могуць пакуль вярнуцца на радзіму, бо апасаюцца расправы.

«Мы разумеем тую небяспеку, якая чакае нас у Беларусі, таму пытанне аб тым, каб вяртацца ў Беларусь, цяпер не стаіць. Але я ўсё роўна не збіраюся адмаўляцца да свайго грамадзянства» – тлумачыць Ян Мельнікаў, баец тактычнай групы  «Беларусь».

Сёння ж тактычная група «Беларусь» адрэагавала на заяву кіраўніка МУС у сацыяльных сетках.

«Заклікаем улады Беларусі спыніць хлуслівую прапаганду з Масквы, пад уплывам якой вярбуюць грамадзянаў Беларусі ў шэрагі незаконных вайсковых фармаванняў сепаратыстаў. Усе, хто ваююць на баку сепаратыстаў, мусяць быць прыцягнутыя да адказнасці» – паведамляецца ў звароце Згуртавання патрыётаў.

Агулам, паводле Міністэрства ўнутраных справаў, ва Украіне ваююць каля 100 беларусаў. Але дакладную колькасць нашых грамадзянаў, якія як абараняюць незалежнасць Украіны, гэтак і тых, хто ваююць за ідэалы гэтак званага «рускага свету», сказаць дакладна немагчыма.

Віталь Бабін

Глядзі таксама
Каментары