Улады Бабруйску рэкамендавалі не выкарыстоўваць георгіеўскай стужкі на аўтапрабегу


Фота dt.ua

На 9-га траўня ў Бабруйску запланавалі аўтапрабег «Дзякуй дзеду за перамогу», прысвечаны Дню Перамогі. Арганізатары спасылаюцца на пастанову гарвыканкаму і просяць удзельнікаў не выкарыстоўваць падчас удзелу ў акцыі георгіеўскай стужкі ды сімволікі Расеі.

Арганізатары скаментавалі Belsat.eu пастанову не выкарыстоўваць гэтай сімволікі:

«Бабруйскі гарвыканкам даў дазвол на правядзенне масавай акцыі, зарганізаваў транспартнае суправаджэнне, і, падкрэслю, парэкамендаваў не выкарыстоўваць георгіеўскай (гвардзейскай) сімволікі. Мы мяркуем, што адсутнасць георгіеўскіх стужак ніяк не абражае памяці пра вялікі подзвіг савецкага народу, ніяк не абражае ветэранаў – што галоўнае, але пра гэта людзі сталі забываць у спрэчках. Важна – павіншаваць і падзякаваць ветэранам, ушанаваць помнікі ды адукаваць маладое пакаленне, а не начапіць стужачку ці то чырвонага, ці то «каларадскага» або іншага колеру. Гэта – нашая пазіцыя. Якія прычыны ва ўладаў – нам невядома, дый мы і не ўдакладнялі – у палітыцы ўсё складана. Што датычыць расейскай сімволікі – тут усё і так ясна: святкуем у Беларусі, таму мае быць беларуская сімволіка. Святкуем Дзень Перамогі – чырвоная сімволіка, а расейская або сімволіка любой іншай дзяржавы тут не да месца, толькі і ўсяго».

Пры гэтым арганізатары прабегу просяць удзельнікаў браць з сабой сцяжкі, прысвечаныя свету, сімволіку Беларусі, налепкі да Дня Перамогі і фотаздымкі ветэранаў.

Нагадаем, што памаранчава-чорную стужку, якую ў Расеі называюць «георгіеўскай», пачалі негалосна пазбягаць у Беларусі праз год пасля таго, як яна фактычна зрабілася сімвалам расейскіх акупантаў і прарасейскіх сепаратыстаў ва Украіне.

Беспасярэдне забараняць у нашай краіне яе не сталі, але прапанавалі альтэрнатыву ў «добраахвотна-прымусовым» парадку: чырвона-зялёную стужку колераў дзяржаўнага сцяга з кветкаю яблыні, што мусіць сімвалізаваць месяц, калі здабылі перамогу над фашысцкаю Нямеччынаю, – травень.

Дарэчы, рэкамендацыю з аддзелаў адукацыі не выкарыстоўваць георгіеўскіх стужак атрымалі школы ў Менску і Берасці. Георгіеўская стужка знікла практычна з усёй беларускай друкаванай прадукцыі, прысвечанай 9-га траўня.

АС, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары