Уладальніка найбуйнейшай прыватнай сеткі аптэк затрымалі па «справе медыкаў»


Сёння стала вядома, што ў панядзелак па «справе медыкаў» затрымалі старшыню рады дырэктараў найбуйнейшай прыватнай аптэчнай сеткі «Аптэка груп» Леаніда Томчына.

Пра гэта тры не звязаныя паміж сабой крыніцы паведамілі Tut.by. Партал падае, што тэлефон Томчына адключаны.

«Затрымалі Леаніда па падазрэнні ў дачы хабару. Гэта было ў панядзелак, цяпер ён арыштаваны», – распавяла крыніца.

КДБ інфармацыю аб затрыманні Томчина пакуль не каментуе.

Паводле версіі «Ежедневніка», у рэйтынгу 200 найбольш уплывовых беларускіх бізнесоўцаў Томчын займае 33-е месца.

Леанід Томчын – уладальнік холдынгу «Аптэка груп», у які ўваходзіць 260 аптэк і больш за 200 гандлёвых аб“ектаў, якія працуюць пад брэндамі «ADEL» і «Добрыя лекi», два медцэнтры, ІТ-служба і падраздзяленне па кантрактнай вытворчасці лекаў, а таксама аптовая кампанія «ВитФармМаркет». Томчин ацэньваў яе долю на аптовым рынку ў 12 %, што дазваляла ўваходзіць у тройку дыстрыб’ютараў і імпарцёраў лекаў.

Леанід Томчын – старшыня Віцебскай габрэйскай грамады. Летась пры ягоным актыўным фінансавым удзеле у горадзе на Дзвіне адкрылася першая за 100 гадоў сінагога.

25 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык паведаміў аб тым, што камітэт выявіў маштабную карупцыйную схему ў сферы аховы здароўя Беларусі, затрыманыя некалькі дзясяткаў асобаў. У іх ліку – дырэктар цэнтру экспертызаў і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, старшыня галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак і кіраўнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Еськоў.

Пазней стала вядома пра затрыманне намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага, галоўнага лекара Менскай абласной больніцы Андрэя Каралько, дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру траўматалогіі і артапедыі Аляксандра Бялецкага, галоўнага лекара 9-й больніцы Валерыя Кушнярэнкі і загадчыка эндаскапічным аддзяленнем Андрэя Саўчанкі. У сярэдзіне жніўня некалькім затрыманым змянілі захаду стрымання, як паведалі ў КДБ, «не звязаную з пазбаўленнем волі».

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў