Улад Казакевіч у калоніі шэсць разоў пабываў у ШІЗА. Бацькі спрабуюць аспрэчыць пакаранні і даказаць, што ён хворы 


Улад Казакевіч, хлопец, які здзейсніў напад з бензапілой у гандлёвым цэнтры «Еўропа» і забіў 43-гадовую жанчыну ўвосень 2016-га году, адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове. З першага дня ён трапіў у штрафны ізалятар і амаль не выходзіць адтуль, як паведамілі belsat.eu ягоныя бацькі. Яны пішуць скаргі і супрацоўнічаюць з адвакатам, каб палегчыць лёс іхнага сына ў калоніі.

3 сакавіка 2017 году Ўлада Казакевіча асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 24 чэрвеня ён прыбыў у калонію, дзе ў першы ж дзень яго пасадзілі ў штрафны ізалятар за парушэнне ўнутранага распарадку.

«Яго адразу памясцілі ў ШІЗА на 10 содняў, потым, знаходзячыся ў ШІЗА, ён ізноў трапіў у ШІЗА, і так было ўжо шэсць разоў, да 20 жніўня. Цяпер ён знаходзіцца ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу), гэта яшчэ горш, чым ШІЗА. Ён не бачыць белага свету», – кажа Валянцін, бацька Ўлада Казакевіча.

У прыватнасці, Улада Казакевіча змяшчалі ў ШІЗА за тое, што забыўся ў сталоўцы лыжку і вярнуўся па яе, за павуцінне ў кутку камеры, аднойчы ён быў не па форме зашпілены і не павітаўся з прадстаўніком адміністрацыі калоніі.

Калі асуджаныя прыбываюць у калонію, яны падпісваюць правілы ўнутранага распарадку, дзе абазначаныя іх абавязкі ажно да таго, як павінны быць запраўлены ложак і што пры сустрэчы з адміністрацыяй турмы асуджаныя павінны ўставаць і вітацца. За парушэнне правілаў унутранага распарадку ёсць некалькі захадаў пакарання, у тым ліку вымова, дзяжурства па-за чаргой, адмова ў перадачах або сустрэчах з роднымі і, апошняе – змяшчэнне ў ШІЗА. Да Казакевіча прымяняюць толькі самае жорсткае спагнанне.

«Улад не ведаў правілаў унутранага распарадку. Ён так і піша ў тлумачальным лісце, што ён не ведаў, як правільна вітацца з супрацоўнікам адміністрацыі. Карыстаючыся яго няведаннем, яны гнояць яго і знішчаюць», – кажа Валянцін, бацька Улада Казакевіча.

Акрамя таго, да Казакевіча аднойчы не дапусцілі адваката, патлумачыўшы гэта тым, што ён ад дапамогі адваката адмовіўся.

Бацькі пішуць скаргі. Дэпартамент выкання пакаранняў адказаў, што захады, якія прымяняюцца да Ўлада Казакевіча ў калоніі, адпавядаюць цяжкасці і характару здзейсненых ім парушэнняў.

На думку праваабаронцы з цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча, нядопуск адваката – гэта парушэнне, і нават калі асуджаны адмаўляецца ад прававой дапамогі, то патрэбна, каб ён зрабіў гэта ў прысутнасці адваката і адміністрацыі калоніі.

«Бо мы не можам казаць, ці ён сапраўды адмовіўся. Няхай адвакат сустрэнецца з ім, і ў яго прысутнасці асуджаны скажа, што гэтага адваката ён бачыць не хоча. Можа стацца так, што яму спецыяльна ствараюць невыносныя ўмовы, помсцячы за ягонае злачынства. Але гэта недапушчальна. За сваё злачынства ён ужо нясе пакаранне ў адпаведнасці з вынесеным выракам суду, а ўсе астатнія маніпуляцыі ў выглядзе нядопуску адваката – гэта недапушчальна. Выкарыстанне катаванняў, а таксама жорсткага і бесчалавечнага абыходжання забаронена міжнароднымі нормамі права незалежна ад таго, хто гэтыя людзі, добрыя або кепскія, і якія злачынствы яны здзейснілі», – кажа Валянцін Стэфановіч.

10 ліпеня бацька Валянцін Казакевіч сустракаўся з сынам.

«Яго выпусцілі ў той дзень з ШЫЗА і ён быў у вельмі прыгнечаным стане. Ён быў як дваравы сабака, якога пастаянна б’юць нагамі і ганяюць камянямі. Такі ў яго быў выгляд і стан».

Псіхічны стан Улада Казакевіча таксама не вызывае сумневаў у адміністрацыі калоніі. У адказе адвакату Улада Казакевіча ад Дэпартаменту выканання пакаранняў пазначана, што Казакевіч знаходзіцца пад назіраннем супрацоўнікаў медыцынскай часткі калоніі і па стане здароўя ў прымусовых мерах лячэння не мае патрэбы.

Бацькі ўпэўненыя, што сына патрэбна лячыць

Медыцынска-псіхіятрычная экспертыза ў Навінках, выкананая падчас следства, прызнала Ўлада Казакевіча свядомым у час, калі ён здзейсніў забойства. Адвакат падчас суду прасіў правесці паўторную экспертызу, але суд адмовіў у хадайніцтве.

Бацькі Казакевіча замовілі рэцэнзіі на беларускую экспертызу ў інстытуце Сербскага ў Маскве, а таксама ў двух іншых псіхіятраў у Расеі. Рэцэнзіі расейскіх экспертаў ставяць пад сумнеў прафесійнасць заключэнняў беларускай экспертызы, адсутнасць паўнавартаснага аналізу. Акрамя таго, даводзяць, што ў асуджанага ёсць вялікая верагоднасць шызафрэніі або шызатыпічнага парушэння псіхікі.

«У дадзеным выпадку дзеля дакладнага вырашэння экспертных пытанняў неабходна правесці паўторную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу Казакевіча Уладзіслава Валянцінавіча», – піша псіхіятр, судова-псіхіятрычны эксперт, кандыдат медыцынскіх навук Пекадзіні А.В. з Масквы.

Belsat.eu паразмаўляў з юрыстам, які мае досвед у вытворчасці па крымінальных справах у Беларусі, але пажадаў не публікаваць сваё імя ў гэтым тэксце. Па яго словах, для беларускага суду гэтыя дакументы не маюць ніякай вагі, бо ў нашай краіне ёсць свае паўнаважныя эксперты ў галіне псіхіятрыі, а экспертыза праводзіцца згодна з нормамі беларускага заканадаўства. Акрамя таго, Улад Казакевіч ужо з’яўляецца паўнагадовым і прызнаны дзеяздольным, таму ўсе скаргі, прашэнні і любыя дзеянні юрыдычнага характару павінны сыходзіць ад яго асабіста ці праз яго адваката. Бацькі больш не з’яўляюцца яго законнымі прадстаўнікамі.

Куды знік дыягназ «шызатыпічнае парушэнне», калі ён быў

У 2014 годзе ў 15-гадовым узросце Улад Казакевіч знаходзіўся на стацыянарным лячэнні ў РНПЦ Цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках пасля 4-й, па яго словах, спробы суіцыду. У дакументах, якія цыркулявалі паміж РНПЦ і псіханеўралагічным дыспансерам, дзе Казакевіч стаяў на ўліку, згадвалася пра шызатыпічнае парушэнне і шызафрэнію пад пытаннем.

Бацькі Казакевіча кажуць, што для іх гэты дыягназ стаўся навіной ужо пасля ўзбуджэння крымінальнай справы. Гэта былі ўнутраныя дакументы дыспансеру, якія трапілі да бацькоў Казакевіча толькі падчас следства.

«Мы не медыкі, якім чынам мы можам адрозніць складанага падлетка ад чалавека, хворага на шызафрэнію або шызатыпічнае парушэнне псіхікі? Калі яны такія, як у Ўлада, калі няма галюцынацыяў і ён адэкватна паводзіць сябе, то распазнаць захворванне можа толькі спецыяліст, па нейкіх рэакцыях. Што яны і зрабілі, але нам чамусьці не паведамілі», – кажа маці Ўлада.

Згодна з унутранымі правіламі псіханеўралагічнага дыспансеру, інфармацыя пра стан здароўя, дыягназ, лячэнне і наступствы ў адносінах да непаўналетніх павінна перадавацца законным прадстаўнікам непаўналетніх, у выпадку Казакевічаў – бацькам.

У той жа час, на допыце ў судзе доктарка з псіханеўралагічнага дыспансеру на пытанне следчага, ці ведалі бацькі Казакевіча пра дыягназы, кажа, што яна асабіста казала маці Ўлада пра дэпрэсіўны эпізод у падлетка. Але дакументаў ад РНПЦ псіхічнага здароўя, дзе пазначаны дыягназ шызатыпічнага парушэння «у іх не магло быць, бо такія выпіскі ні пацыентам, ні іх родным не выдаюцца», – з пратаколу допыту.

Дыягназ прайшоў не толькі міма бацькоў Улада Казакевіча, але і міма ВНУ МІТСО, куды ў 2016-м годзе паступіў хлопец. Пры паступленні ў ВНУ абітурыенты падаюць даведку аб стане здароўя, дзе пералічваюцца перанесеныя захворванні, запісаныя ў медыцынскай картцы. З дыягназамі, якія ставілі Ўладу Казакевічу, паводле спісу захворванняў, зацверджаным Міністэрствам аховы здароўя, нельга вучыцца ў ВНУ. Але гэтых дыягназаў у асабістых медыцынскіх запісах не значылася.

Улада Казакевіча прызналі годным і для вайсковай службы, як паведамляе ягоны бацька.

«Невядома, колькі ў нас такіх выходзіць з Навінак, не маючы на руках дакументаў, што ў іх за хвароба, ад чаго лячылі, і якія гэта можа прынесці наступствы», – кажа Валянцін Казакевіч.

Як здарылася, што Улад Казакевіч трапіў за краты на 15 гадоў. Версія бацькоў

«Яго псіхічны стан быў ужо парушаны гэтым дэпрэсіўным эпізодам, а таксама падазрэннем на шызафрэнію. Увосень 2016-га году ён пачаў прымаць медыцынскі прэпарат Роаккутан ад скураной хваробы акне, які вельмі пагоршыў яго псіхічны стан. Калі б мы ведалі пра захворванне Улада, мы б ніколі не далі яму гэты прэпарат. Але так здарылася, што нас не папярэдзілі і вось, – эпізод», – кажа бацька Ўлада.

У спісе супрацьпаказанняў да прэпарату дэпрэсія, псіхоз, суіцыдальныя думкі, псеўдапухліна галаўнога мозгу.

«Гэтая справа была сфабрыкаваная з першых хвілінаў. Афіцыйная інфармацыя была толькі на выгоду следству і каб сфармаваць негатыўныя адносіны да чалавека з самага пачатку», – кажа маці.

Улада Казакевіча асудзілі да 15 гадоў зняволення за забойства, хуліганства і прыгатаванне да злачынства. У гандлёвым цэнтры «Еўропа» ад яго дзеянняў загінула 43-гадовая жанчына, яшчэ дзве атрымалі траўмы. Па выраку суду асуджаны таксама павінен кампенсаваць маральнай шкоды пацярпелым на суму каля 110 тысяч долараў.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў