Украінскі рэжысёр: Нашая дзяржава цягам шмат гадоў даводзіць людзям, што яны непатрэбныя


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/A8qlxSZ762U”][vc_column_text]Тарас Ткачэнка прадставіў у Варшаве фільм пра ўкраінцаў, якія выязджаюць на заробкі за мяжу. Колькасць такіх мігрантаў сёння можа перавышаць 5 млн. Рэжысёр распавядае «Белсату» пра карані атмасферы безнадзейнасці ўва Украіне, не звязанай з вайной на Данбасе.

Дыяна Цітар: Ваш фільм «Гняздо туркаўкі» распавядае гісторыю жанчыны, якая з’язджае на заробкі ў іншую краіну. Ці Вы бачыце нейкую альтэрнатыву такім крокам?

Тарас Ткачэнка: Не варта ўспрымаць гэтую з’яву трагічна ці як нешта ўнікальнае. Быў час, калі і палякі ездзілі на заробкі. Шмат італьянцаў, да якіх цяпер ездзяць украінцы, 50 гадоў таму выязджалі працаваць у Амерыку, іспанцы ездзілі на заробкі ў Францыю. У працоўнай эміграцыі няма нічога трагічнага, гэта нармальная сусветная з’ява.

Праблема ў тым, што Украіну доўга закрывалі ад свету жалезнаю заслонаю, таму і не было такіх выездаў.

Альтэрнатывы пакуль што не ведаю. Людзі з’язджаюць за мяжу, але яны не толькі грошы прывозяць, яны прывозяць ва Украіну новыя думкі, новыя навыкі, і гэта істотна змяняе краіну. Калі сёння паехаць у заходнюю Украіну, то можна ўбачыць шмат добрых кавярняў, гатэляў – і гэта ўсё людзі, якія прывезлі грошы, уклалі гэтыя грошы і пабудавалі свой бізнес.[/vc_column_text][vc_single_image image=”385833″ img_size=”large” add_caption=”yes” alignment=”center”][vc_column_text]З іншага боку, гэта, вядома, трагедыя, што людзі з’язджаюць, разбіваюцца сем’і, людзі праходзяць праз прыніжэнне, маральныя пакуты, але, з другога боку, магчыма, такі кошт будучага дабрабыту Украіны. Ён сам сабою лёгка не даецца, як лёгка не даецца і свабода. За свабоду цяпер мы плацім крывёю, а за дабрабыт – менавіта такімі выездамі.

800 тысячаў украінцаў знаходзяцца толькі ў Польшчы. Чаму ўкраінцы так масава з’язджаюць? Ці толькі ў грошах пытанне?

Я таксама думаў, што гэта звязанае з грашыма, але таксама гэта тычацца перспектываў і пачуцця запатрабаванасці. Нашая дзяржава ўжо цягам шмат гадоў даводзіць нашым людзям, што яны ёй не патрэбныя. І людзі ўцякаюць. Каб яны адчувалі сябе патрэбнымі хоць у нечым, яны бы цярпелі, яны бы думалі, як выжыць і выжывалі бы. Яны не могуць пабудаваць сваю будучыню ў гэтай краіне, ад іх высілкаў залежыць іхная будучыня, менавіта гэта вымушае іх з’язджаць.

Першае, што мы мусім змяніць у нашай краіне – паказаць людзям, што іхныя высілкі змяняюць будучыню, змяняюць краіну. Я спадзяюся, што мы вельмі павольна, але ідзем добрай дарогаю, і гэта зменіць сітуацыю. Не хутка – ані заўтра, ані паслязаўтра, ані праз год і можа нават ні праз пяць, – але я веру, што зменіць.

Наколькі праблема міграцыі ўкраінцаў вялікая для Украіны? Якія маштабы гэтай з’явы?

Вялікая, вельмі вялікая, гіганцкая праблема. Паводле сухой статыстыкі, сёння з Украіны на заробкі з’ехалі каля 5 млн асобаў, гэта – кожны трэці працаздольны ўкраінец, гэта значыць, траціна ўкраінцаў, якія ў стане працаваць, зарабляць і прыносіць падаткі, пенсіі – працуюць не ва Украіне. А калі ўявіць, што ўсе маюць бацькоў, дзяцей, мужа, жонку, і калі мы іх палічым, то гэта каля 15 млн асобаў, якіх звязвае гэтая праблема.[/vc_column_text][vc_single_image image=”385837″ img_size=”large” add_caption=”yes” alignment=”center”][vc_column_text]Ужо з’яўляецца фальклор працаўнікоў. З’яўляюцца анекдоты, песні. Я цэлую калекцыю анекдотаў назбіраў. У нашай краіне пануе агульная атмасфера безнадзейнасці, і гэта не звязанае з вайной. Ізраіль ваюе цягам дзясяткаў гадоў і пачуваецца пра гэтым нармальна. Прычына перадусім у тым, што ўладу ва Украіне дагэтуль трымаюць злодзеі, і гэтыя злодзеі думаюць толькі пра тое, каб нешта скрасці, а не пра тое, каб даць людзям надзею на будучыню. Вось і ўсё.

Ці Вам не падаецца, што праз гэты фільм вы ствараеце стэрэатып тыповай украінскай сям’і з пасёлка ці невялічкай мясцовасці – які не заўсёды з’яўляецца праўдай?

Без стэрэатыпаў гісторыю не раскажаш. Магчыма, недзе і ёсць стэрэатып, хаця я намагаўся гэтага пазбегнуць у сваёй стужцы. Я перагледзеў шмат фільмаў пра працаўнікоў і нелегалаў. Паверце, Еўропа шмат пра гэта здымае. Мы ўсе ведаем «Незнаёмку» Джузэпэ Тарнаторэ – таксама на гэтую тэму.

Але гэта ўсё фільмы пра галодных, што здымаюць сытыя, а я хацеў зняць фільм пра галодных вачыма галодных. І на маю думку, у мяне атрымалася, хаця бы і таму, што італьянцы не паказаныя ў фільме негатыўна, яны такія самыя людзі са сваймі драмамі ды пакутамі.

Але менавіта італьянцам было ў пэўнай меры непрыемна глядзець гэты фільм. Мы хацелі назваць фільм «Badante» (італ. «служанка»), але італьянцы не пагадзіліся на такую назву, іх гэта бянтэжыла. Я хацеў зрабіць вельмі чалавечую гісторыю, без смакавання дэталяў, без наўмыснай солі на ранах.

Так, там выпівае галоўны герой, ён крыху нязграбны, бесталковы, але я зрабіў гэта не дзеля таго, каб бравіраваць гэтым. Таму што жанчына, якая адчувае сябе патрэбнаю – сям’ю не пакіне. І калі жанчына пакідае сям’ю, я абвінавачваю ў гэтым мужчынаў – за іхную неразборлівасць, за слабую арганізаванасць.

У мяне была размова з адным з актораў, калі я даслаў яму сцэнар. У адной сцэне ёсць гісторыя з прыбіральняй, якую галоўны герой паставіў пасярод двара. Актор напісаў мне: «Гэта не мая тэма, я не хачу ў гэтым здымацца, бо вы робіце ўкраінцаў праставатымі, дурнаватымі, а гэтая гісторыя з прыбіральняй – ужо занадта». І мне стала смешна, бо гэтая прыбіральня ў маім сцэнары з’явілася, калі я ўжо прыехаў на месца здымкаў. Яна там ужо стаяла, у канцы фільму нам прыйшлося знесці прыбіральню, і каб вы бачылі, колькі шчасця было ў гаспадыні дому, якая нарэшце дамаглася свайго. Не ейны муж, а кіношнікі знеслі гэтую прыбіральню. Мы гэтага не прыдумалі – гэта нам жыццё падказала.

Вяртаючыся да тэмы мігрантаў. Сапраўды, шмат людзей выязджаюць, але гэтыя людзі не толькі ідуць наёмнымі працаўнікамі, але і распачынаюць свой бізнес. Ці ёсць надзея на тое, што пазней гэтыя прадпрымальнікі разам з новымі працоўнымі месцамі вернуцца ўва Украіну?

Думаю, што ў гэтым няма неабходнасці. Дарэчы, была сітуацыя, калі ў Італіі правялі маштабнае даследаванне «Як паводзяць сябе тыя ці іншыя нацыянальнасці, якія прыязджаюць у Італію?» Аказалася, што 80 % украінцаў не сацыялізуюцца ў Італіі. Што гэта значыць? Напрыклад, турак, які з’язджае ў Італію, праз год адкрывае кебаб, праз два ў яго ўжо ўся сям’я ў гэтым кебабе працуе, праз тры – у яго ўжо маленькая рэстарацыя.

Украінка, як прыехала 10 гадоў таму і дасылала па 600 еўраў дадому, яна так і працягвае дасылаць гэтыя грошы цяпер. І што гэта значыць – яна з’ехала ў 55, праз 10 гадоў ёй ужо 65.

Я чуў гісторыю адной жанчыны, якой 70 і яна даглядае за бабуляй, якой 75. І праз 5 гадоў яна таксама будзе патрабаваць апекі.

Яна дасылала грошы ва Украіну – добра, каб на гэтыя грошы набылі прынамсі кватэру, або дзеці атрымалі адукацыю. Але яна вяртаецца дадому – у яе няма ані ашчаджэнняў, ані банкаўскага рахунку, нічога. Яна як паехала пустая, так пустая і вяртаецца. А яшчэ горш, калі паміраюць, і тады праблема ў тым, каб труну даставіць ва Украіну. Гэта каштуе 2000 еўраў, а жанчына не зарабіла столькі.

На самой справе было б лепш, каб яны сацыялізаваліся, рабілі бізнес і зрабілі сітуацыю камфортнай для ўкраінцаў, якія толькі прыязджаюць.

Гутарыла Дыяна Цітар[/vc_column_text][vc_single_image image=”385824″ img_size=”medium”][vc_column_text]Тарас Ткачэнка – выпускнік філалагічнага факультэта КНУ ім. Т. Шаўчэнкі і факультэту кінематаграфіі і тэлебачання Кіеўскага дзяржаўнага інстытуту тэатральнага мастацтва ім. І.К. Карпенкі-Карага, дзе ён таксама выкладаў гісторыю кінадраматургіі. Сябра Нацыянальнага звязу кінематаграфістаў Украіны. Аўтар фільмаў «Права на Надзею» (2008) і «Трагічная любоў да нявернай Нуські» (2002-2004).

Стужка навінаў