Украінскі міністр: Куля, якая забіла беларуса на Майдане, прайшла 700 экспертызаў


Па кулі, якая забіла падчас Еўрамайдану беларуса Міхаіла Жызнеўскага, правялі 700 экспертызаў і трэба будзе правесці яшчэ 1,5 тыс., заявіў міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў.

«Гэтак давядзецца дзейнічаць, калі ты хочаш нешта даказаць. У адваротным выпадку рэакцыя будзе такая: я не я, і куля не мая», – сказаў Авакаў, спаслаўшыся на вопыт расследавання страляніны па людзях у Рызе ў 1991 годзе, якое завяршылася зусім нядаўна, інфармуе БелаПАН са спасылкай на censor.net.ua.

Паводле слоў Авакава, Жызнеўскага і двух іншых удзельнікаў Еўрамайдану, Сяргея Нігаяна і Рамана Сеніка, 22 студзеня 2014 года забілі з помпавай стрэльбы, якая страляе гумавымі кулямі. «Як гэта было зроблена: засунулі туды металёвую кулю – і выстралілі. Мы разумеем, што гэта, хутчэй за ўсё, была стрэльба »Форд-500«, якая знаходзілася тады на ўзбраенні ўнутраных войскаў. Агледзелі ўсе гэтыя стрэльбы, убачылі, што металізацыя ў ствале ёсць у такой вось колькасці… Потым робіцца аналіз ствала і аналіз кулі…» – растлумачыў Авакаў механізм следства.

Міхаіл Жызнеўскі – быў адной з першых ахвярай Еўрамайдану. Маладзён паходзіў з Гомля, але некалькі гадоў жыў ва Украіне. Быў чальцом Самаабароны Майдану. Яго забілі раніцаю 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве ад кулі, якая трапіла ў сэрца. Міхаіла пахавалі ў вёсцы Сцяг Працы пад Гомлем. Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў беларуса Ордэнам Герояў Нябеснай Сотні.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў