«Украінцы мусяць атрымаць права валодаць агнястрэльнай зброяй»


Самаабвешчаныя ўлады гэтак званых «ЛНР» і «ДНР» дазволілі жыхарам падкантрольнай тэрыторыі карыстацца агнястрэльнаю зброяй для самаабароны. У той жа час на іншай тэрыторыі Украіны права на валоданне зброяй абмежаванае. Ці звязаныя гэтыя з’явы? «Белсат» паразмаўляў з кіраўніком Украінскай асацыяцыі ўласнікаў зброі Георгіем Учайкіным.

– Вітаю, спадар Георгій! На вашу думку, гэтыя два рашэнні будуць мець нейкія наступствы, улічваючы, што Украіна ў стане вайны?

– Насамрэч той крок, на які адважыліся на тэрыторыі гэтак званай «Данецкай народнай рэспублікі», ёсць надзвычай небяспечным для Украіны. Мы маем усе падставы сцвярджаць, як і папярэджвалі раней, што неўзабаве мы пабачым гэтак званыя законы на акупаваных тэрыторыях, і гэтыя законы дазволяць ім як часткова легалізаваць тую зброю, якую яны завязуць сюды, гэтак і стварыць сістэму тэрытарыяльнай абароны, якая будзе вельмі сурёзна перашкаджаць, у прыватнасці, вызваленню гэтых тэрыторыяў украінскаю арміяй. Нас вельмі непакоіць, што нашыя засцярогі, якія мы шмат гадоў даводзілі ўладам, не былі пачутыя, але мы спадзяемся, што ў найбліжэйшы час улады ўсё ж такі ўхваляць палітычнае рашэнне і заканадаўча ўрэгулююць абарачэнне зброі ва Украіне. Гэта выключная неабходнасць, і гэта мае стаць фундаментам дактрыны бяспекі краіны, як унутранай, гэтак і замежнай. Сёння Украіна захлынаецца ад нелегальнай зброі, і нам трэба задаволіць попыт на яе, каб людзі атрымалі магчымасць купляць зброю легальна.

– А ці гатовае ўкраінскае грамадства да такога рашэння, бо апошнія падзеі, звязаныя з расстрэлам закладнікаў і рабаваннем банку – гэта не самыя лепшыя аргументы, каб скасаваць абмежаванні?

– Сёння на руках ва ўкраінцаў легальна больш як 2,5 млн адзінак паляўнічай зброі. Гэта зброя вялікага калібру, гладкаствольная, наразная, і мы не бачым, каб нехта яе масава выкарыстоўваў для злачынстваў. Украінцы, якія змагаюцца за ўласнае права на ўласную краіну, за яе тэрытарыяльную цэласнасць, якія прадэманстравалі сваё стаўленне да дзяржавы, яны не проста гатовыя, яны як мага хутчэй мусяць атрымаць заканадаўча ўрэгуляванае права валодаць агнястрэльнай зброяй, бо тыя ўмовы, на якіх сёння яны валодаюць ёю, не адпавядаюць патрабаванням часу. Трэба проста пацвердзіць адпаведным законам і рэгламентаваць, хто, з якога ўзросту, якою зброяй, пасля якой працэдуры навучання і пры выкананні якіх умоваў грамадзянін можа валодаць тым ці іншым відам зброі. У адрозненне нават ад Беларусі, Украіна – адзіная краіна ў Еўропе, якая не мае свайго закону аб зброі. Нават улічваючы гэты факт, мы мусім зрабіць такі важны, асабліва ў такой сітуацыі для нашай краіны, крок.

– Ці не карысней было б зрабіць больш жорсткім кантроль за зброяй, якая вывозіцца з тэрыторыі ваеннага канфлікту на Данбасе, бо якраз у апошніх выпадках менавіта гэтай зброяй карысталіся злачынцы?

– Гэтае пытанне цалкам вынікае з прыроды паходжання працэсу абарачэння нелегальнай зброі. Сёння чалавек не мае неабходнага даверу да профільных ведамстваў, сілавых міністэрстваў, напрыклад, да Міністэрства ўнутраных справаў, якое рэгулюе гэтыя пытанні. А адчуванне небяспекі ў нас ёсць. І людзі хочуць абараніць сябе. Калі мы сёння не даем ім легальнага шляху набыць зброю, фактычна мы іх падштурхоўваем на нелегальны рынак. А далей уключаюцца зусім іншыя механізмы. Бо калі фармуецца попыт на нелегальную зброю, імгненна з’яўляецца прапанова, імгненна з’явяцца схемы, на якіх зарабляюцца грошы. Калі мы штодня чуем, як канфіскоўваюць сотнямі адзінак зброю, то зразумела, што яшчэ тысячы адзінак увозяцца або незаўважна, або ў выніку хабару, або нейкімі іншымі шляхамі. Пракантраляваць усё немагчыма і неэфектыўна. Мы мусім перадусім сказаць, што ўкраінцы могуць купляць зброю легальна, і пасля гэтага яны не будуць карыстацца паслугамі нелегальнага рынку. Гэта адзіны шлях, які ўдалося прымяніць ва ўсім свеце. Такі шлях прайшла Малдова ў сітуацыі з Прыднястроўем, і мы мусім прызнаць, што адразу пасля канфлікту ў 1994 годзе малдаване прынялі свой закон аб зброі. А крыху пазней і Прыднястроўе прыняло свой закон.

Алена Літвінава, «Белсат», Кіеў

Стужка навінаў