Украінцы і беларусы на вайне. Як выжываюць, бароняцца, трымаюць пазіцыі на перадавой


Першыя ночы пасля вяртання з перадавой немагчыма заснуць, бо не чуваць абстрэлаў. Цішыня давіць. «Потым па некалькі разоў на ноч прачынаўся і не магу зразумець, ці я ўдому, ці на фронце», – Антось Цялежнікаў паехаў на Данбас, каб зняць дакументальны фільм пра беларуса, што ваюе ў шэрагах Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правага сектару».

Вайна ў ХХІ стагоддзі, здавалася б, мелася б быць іншаю. Высокадакладная зброя, дроны, ваенныя спадарожнікі, самалёты-невідзімкі, сакрэтныя тэхналогіі. Апынулася, што і сёння галоўнаю зброяй застаецца баявы дух кожнай адзінкі, кожнага жаўнера. Дакументаліст Антось вярнуўся з перадавой ды распавёў, як добраахвотнікі–самавукі супрацьстаяць расейскім вайскоўцам, загартаваным у чачэнскай і грузінскай кампаніях.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Стрэлкатня» і «грыб»

– У гаражы хлопцы рамантавалі гарматы і я ў кучы смецця заўважыў, як аказалася, дастаткова актуальную літаратуру. З актуальнымі малюнкамі.

Антось раскрывае кнігу «Гражданская оборона СССР. Это должен знать и уметь каждый» на старонцы з выяваю «грыба» ад ядравага выбуху. Падобны «грыб» быў і ў Данецку – праз выбух на хімічным заводзе. Дагэтуль дакладна невядома, што менавіта выбухнула.

– На нейкую секунду я сапраўды падумаў, што гэта ядравы выбух і гэта апошняе, што я бачу ў сваім жыцці. Спачатку мы пабачылі выбух, а праз некалькі секундаў прыйшла хваля. Кажуць, што падчас выбуху ад ударнай хвалі дом, у якім мы былі, затрэсла. Але я быў у такім шоку, што гэтага проста не заўважыў.

На фронце штодня байцы выконваюць мноства абавязкаў. Назіраюць за пазіцыямі ворага. Уступаюць у сутычкі з дыверсійнымі групамі. Самі ладзяць вылазкі. Стомленасць сягае такога ўзроўню, што байцы кладуцца спаць падчас артабстрэлу.

– Данецк ад нашых пазіцыяй было бачна ў оптыку. Гэтак аднаго вечару выйшла дыверсійная група, завязалася перастрэлка, у іх было двое 200-х і некалькі 300-х, пра гэта я чуў па рацыі.

– На іхнай хвалі?

– Яны слухаюць украінцаў, украінцы слухаюць іх. Шыфраванаю сувяззю таксама часам карыстаюцца, але ў прынцыпе, і адныя, і другія маюць інфармацыю адзін пра аднога. А вось візуальна вельмі рэдка можна кагосьці з праціўніка пабачыць. Вайна ў асноўным артылерыйская і «безасабовая». «Стрэлкатня» зрэшты таксама адбываецца, калі выходзяць такія дыверсійныя групы. Ноччу пабачылі ў цеплавізар групу, наваліліся на іх з усіх пазіцыяў. На наступны дзень з іх боку была жорсткая помста ў выглядзе вельмі моцнага абстрэлу – гаўбіцы і мінамёты. А падчас штурму аэрапорту ўражанне было такое, што раён падзялілі на сектары і з дапамогаю «Градаў» метадычна абстрэльваюць квадрат за квадратам, каб усё знішчыць.

Гэта была першая Антосева паездка ў Пескі, што пад Данецкам: акурат у той час вялі жорсткія баі за аэрапорт. Вайна прыйшла сюды раптоўна. Людзі ўцякалі, пакідаючы свае рэчы, часам і хатніх жывёлінаў. Сярод бадзяжных сабакаў ёсць і пародыстыя.

Па ваколіцах бегаюць аглушаныя выбухамі дзікі, трусы, лётаюць спалоханыя птушкі. Драматычная і нават постапакаліптычная карціна. Але тут жа – рашучыя і адважныя людзі.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

«У сітуацыях, кшталту «ядравага» выбуху – вельмі страшна. Але калі бачыш побач з сабою апанаваных людзей, гэта мяняе сітуацыю. Бо страшна было бадай што толькі мне ды валанцёрам, якія тады прыехалі да нас. Паніка на вайне – вось гэта сапраўды самае страшнае», – Антось узгадвае хлопцаў, з якімі правёў месяц на перадавой, у самыя «гарачыя» дні.

Кент

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

– Гэта была ўжо другая паездка ў Пескі. Быў абстрэл і снарад трапіў проста ў дом, дзе мы знаходзіліся і разнёс палову паверха. Гэта не быў «Град», гэта быў артылерыйскі фугасны снарад, ён прабіў бетонны дах і ўзарваўся ўсярэдзіне. На шчасце, у гэтым месцы нікога не было, але адзін з хлапцоў, яго звалі Кент, у гэты момант заходзіў на трэці паверх. Дзверы яму «адчыніла» выбуховаю хваляю, яго адкінула на перылы, Кент атрымаў моцны ушыб.

Кент – баец Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу меў 27 гадоў, да вайны працаваў у Кіеве загадчыкам на складзе, зарабляў добрыя грошы. Калі пачалася вайна, кінуў працу і пайшоў у добраахвотны батальён «Правага сектару». Выбух снарада меў трагічныя наступствы – хлопец моцна ўшыб спіну, відаць, утварыўся тромб, які пазней адарваўся. Кент памёр у Кіеве, у той жа дзень, калі пахаваў сваю маці. За ўвесь час супрацьстаяння ў Песках загінулі двое байцоў «Правага сектару».

«Правы сектар»

Паводле расповедаў тых, хто перажыў палон, найбольш баевікі баяцца не рэгулярных войскаў, а менавіта – «ідэйных».

– «Правы сектар» у некаторых медыях пазіцыянуюць, як нейкіх неафашыстаў, фанатыкаў. Сапраўды, там ёсць людзі скрайніх правых поглядаў. Але ў тых жа Песках у тым доме, дзе я жыў, у адным пакоі жылі скінхэд і габрэй – вялікія сябры. Людзі вельмі розныя і вельмі часта – далёкія ад нацыяналістычных ідэяў. Людзі, якія проста прыйшлі бараніць сваю краіну. І я дакладна ведаю, што яны не атрымліваюць за гэта ані капейчыны. Са сродкаў, што збіраюць валанцёры, камандзір дае грошы на дарогу дадому, калі адбываецца ратацыя, вось і ўсё. А ўдому яны таксама не адпачываюць, а шукаюць працу, каб падзарабіць, пакінуць нешта сям’і ды потым ізноў едуць на фронт.

Байцы такіх батальёнаў не маюць статусу ўдзельнікаў АТА, у выніку гібелі ніхто з іх родных не атрымае ад дзяржавы пенсіі ці якіх-кольвек выплатаў.

Дзяржава нічога не робіць для іх – усё трымаецца на плячах валанцёраў, якія апранаюць, кормяць і нават узбройваюць і добраахвотнікаў, і рэгулярнае войска. Ад запалак і шкарпэтак – да транспарту, бронекамізэлек, цеплавізараў і камп’ютарных сістэмаў для артылерыстаў.

«Правы сектар» – «незалежная ўзброеная фармацыя», якая не падначаленая міністэрствам абаронцы ці ўнутраных справаў. Фармальна гэта – злачынная ўзброеная групоўка, якую, натуральна, у Кіеве разглядаюць як пагрозу.

– Былі спробы затрымання і раззбраення. Нядаўна пад камендатуру прыехалі байцы, атачылі вайскоўцаў і сказалі: хлопцы, мы не хочам з вамі сварыцца, адпускайце нашых. Адпусцілі.

Сярод добраахвотнікаў мала адмыслоўцаў, хтосьці і ў войску не служыў. Прыязджалі на фронт са сваёй уласнаю паляўнічаю зброяй або з той, на якую маюць дазвол. Больш сур’ёзнае ўзбраенне адбівалі ў баевікоў, або неафіцыйна атрымлівалі ад украінскіх вайскоўцаў. Многім рэчам даводзіцца вучыцца проста на фронце, за лічаныя дні – усяму таму, што ў войску вывучаюць год.

[vc_single_image image=”11″ img_size=”large”]

– Пры мне хлопцы атрымалі зенітную гармату, якую самі навучаліся збіраць-разбіраць, абслугоўваць. Пальнулі ў бок сепараў, дык тыя пачалі ў эфіры такую паніку раздуваць… Гэта ўсё паказвае, чаго могуць дасягнуць людзі, калі яны вераць у тое, што робяць. «Правы сектар» сёння ўтрымлівае Пескі. Войска – хутчэй як падтрыманне. Часам танк выедзе пастраляе, артылерыя пальне. А хлопцы трымаюць населены пункт. Я перакананы: былі б у Дэбальцава 100 чалавек з «Правага сектара», Дэбальцава б не здалі. Гэта быў бы касцяк, які ўтрымаў бы ўлады ад здачы. Яны гатовыя са зброяй у руках стаяць да канца, калі ёсць загад. Пры гэтым «Правы сектар» людзьмі не раскідваецца. У Песках сёлета загінулі толькі двое добраахвотнікаў. У войску нашмат больш, бо ў войску – разгільдзяйства, п’юць.

У Песках дагэтуль жыве каля сотні цывільных. І якія б байкі пра «правасекаў» не распавядалі па расейскім тэлебачанні, хлопцы з «Правага сектара» дзеляцца з імі ўсім, чым могуць. Ежаю, сродкамі гігіены, усім.

Расейцы

У тым, што з боку баевікоў дзейнічаюць прафесійныя расейскія вайскоўцы, Антось не сумняецца. Гэта нават чуваць па тым, як яны размаўляюць паміж сабою па рацыі: каб адрозніць вымаўленне жыхара Пецярбургу ад нарадзінца Данецку, не трэба быць філолагам.

– Чуваць, як яны аддаюць каманды і наводзяць артылерыю. Гэта працуюць прафесіяналы, аніяк не былыя шахцёры і трактарысты. Вядома, і такія ёсць у «апалчэнні», але вялікая роля, якую адыгрывае Расея ў гэтым канфлікце, не выклікае сумневаў.

[vc_single_image image=”14″ img_size=”large”]

Беларус

У Расеі адкрыта набіраюць добраахвотнікаў у «апалчэнне». Агітацыя вядзецца не толькі ў інтэрнэце, але і проста на вуліцах. Беларусы ж прыязджаюць, каб ваяваць за Украіну па ўласнай волі, зыходзячы з уласных перакананняў.

[vc_single_image image=”16″ img_size=”large”]

– Гэта барацьба за перспектывы і ідэалы. І дзесьці – барацьба таксама за сваю свабоду. Я дакладна разумею, што ад таго, што адбываецца цяпер ва Украіне, залежыць і лёс Беларусі. Напэўна іншых такая свядомасць падштурхоўвае ехаць туды – ці то грузіны, ці латышы, ці беларусы.

З таго, што я чуў, беларусы хочуць атрымаць там досвед на будучыню. Для сябе. Хаця не дай бог нам такога канфлікту, мы мусім быць падрыхтаваныя да барацьбы з агрэсарам, якім для нас можа быць Расея.

Не NATO, якое спакусіцца на нашыя цудоўныя калгасы ці свінафермы, а Расея, якая хоча мець кантроль над нашаю тэрыторыяй. Нават калі Лукашэнка дасць загад, малаверагодна, што беларускае войска будзе супрацьстаяць расейскай агрэсіі. Нашае войска – прарасейскае, з 90 % нашага войска марыць увайсці ў склад расейскага. Не трэба мець на гэты конт ілюзій. Але ёсць надзея на патрыётаў.

Неўзабаве на «Белсаце» мае з’явіцца рэпартаж пра абаронцаў у Песках ды ўласна дакументальны фільм пра нашага земляка, які ваюе супраць прарасейскіх баевікоў. Героя дакументальнага фільму ў атрадзе так і клічуць – Беларус. Ён прыехаў ва Украіну ў часы Еўрамайдану – пасля таго, як забілі Жызнеўскага.

Калі хтосьці едзе на фронт па рамантыку, то гэтая рамантыка знікае з першым жа артабстрэлам. І акурат беларусы, якія дастаткова масава бяруць удзел у гэтай, падавалася б «чужой вайне», рэдка едуць па вострыя адчуваннямі.

– Гэта яшчэ раз даказвае што беларусы – гэта не нейкія там рахманыя бульбашы, але адважныя людзі, якія могуць змагацца і ваяваць, не баяцца. Гэта нашчадкі Каліноўскага і слуцкіх ваяроў, гэтая кроў пачынае прабуджацца.

Наканаванасць

– Я думаў пра тое, што будзе з гэтымі людзьмі пасля вайны, якая рана ці позна скончыцца. А яны цяпер жывуць на гэтай вайне. Як знайсці сваё месца пасля? Ім проста неабходна будзе ўтрымліваць той узровень адрэналіну, да якога яны прызвычаіліся. Можа ў войску служыць, ці займацца экстрэмальнымі відамі спорту… Каб не звар’яцець. Я размаўляў з камандзірам у Песках пра тых, хто знайшоў сябе тут, абараняючы сваю зямлю. Быць можа гэта іх лёс? Наканаванасць? Іх жыццёвая місія?

Антось гаворыць, што самая непажаданая наканаванасць – гэта калі чалавек упэўнены, што ён загіне на гэтай вайне. Тады ён абавязкова загіне.

– Калі табе штосьці наканавана, ты гэтага не пазбегнеш. І наадварот, калі лёс выжыць – будзеш жыць. Снайперская куля прасвісцела літаральна ў 15 сантыметрах ад галавы Беларуса, які стаяў побач са мною. Некалькі разоў пры мне ён быў на валаску ад смерці. Чалавек не мусіць расслабляцца. Часам на перадавой перастаюць насіць бронекамізэлькі, шлемы. А гэта вельмі небяспечна. Я сам першыя дзве ночы спаў у шлеме і бронекамізэльцы, яны хоць неяк могуць уратаваць у выпадку чаго.

Антось дастае з кішэні некалькі металёвых аскепкаў, даўжынёю з пару сантыметраў кожны. Такі кавалачак металу калі трапіць у чалавека, можа перабіць косць. «А вось гэты аскепак хлопец пры мне выцягнуў са сваёй бронекамізэлькі», – Антось распавядае чарговую гісторыю, калі воляю лёсу ды праз баявых пабрацімаў чалавек пазбегнуў смерці. Ён спаў у пакоі, калі пачаўся абстрэл. Сябры змусілі схавацца ў калідоры, падалей ад вокнаў і не мінула і паўгадзіны, як у гэты пакой трапіў снарад. Антось, падобна, таксама пачаў верыць у наканаванасць, але гаворыць, што ўсё ж не трэба «падстаўляцца». Снарад ці куля не будзе высвятляць, хто гэта – журналіст, дакументаліст ці жаўнер. А ўдома кожнага хтосьці чакае – маці ці жонка з дзіцём. Як і майго суразмоўцу.

– Проста я апантаны чалавек, мне нецікавае жыццё на канапе перад тэлевізарам. У кожнага чалавека – свая місія, хаця б невялікая. Магчыма, мая місія заключаецца ў гэтым: фіксаваць рэчаіснасць. І мне неабыякавыя гэтыя падзеі. Я з’яўляюся пэўным хранікёрам гэтых падзеяў. Тым больш калі там нашыя суайчыннікі – гэта важна паказваць. Там адбываецца гісторыя. Украіна – гэта краіна з самапавагаю. Якая не аддасць сваёй зямлі. Гэта мы, беларусы, сёння можам у чымсьці саступіць, у нас праблема з самапавагаю і над гэтым трэба працаваць. Бо наш «ватны свет» у Беларусі – гэта аснова будучай акупацыі. Калі мы будзем прагульваць у гэтай інфармацыйнай вайне, то мы здадзімся без бою.

Гутарыў Зміцер Ягораў

Падчас падрыхтоўкі ад публікацыі стала вядома, што лік загінулых у Песках павялічыўся. Загінуў яшчэ адзін баец «Правага сектару» Мікола Флерко ды фотакарэспандэнт Сяргей Нікалаеў.

Стужка навінаў