Украіна выдаткавала $ 1 млрд на газ для акупаванага Данбасу


Дзяржбюджэт Украіны абсалютна нічога не атрымлівае з непадкантрольных Украіне тэрыторый Данбасу, паведаміў украінскі прэм’ер-міністр Арсеній Яцэнюк.

Украіна паставіла на акупаваныя тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласцяў электраэнергіі і газу на $ 1 млрд. Пра гэта ў чацвер, 16 красавіка, на пасяджэнні Нацыянальнай сацыяльна-эканамічнай рады заявіў прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцэнюк, інфармуе liga.net.

«Мы выдаткавалі $ 1 млрд на пастаўку газу і электраэнергіі на тэрыторыю Данецкай і Луганскай вобласцяў, а ў адказ атрымалі нуль. Там рахункі не аплачваюць, але каб людзі не замерзлі, мы мусілі гэта рабіць, бо там – грамадзяне Украіны», – адзначыў прэм’ер-міністр Украіны.

Раней кіраўнік Міністэрства энергетыкі Уладзімір Дэмчышын заявіў, што ў зону правядзення антытэрарыстычнай аперацыі паставілі каля 1,5 млрд кубаметраў газу, якія да гэтага часу не аплачаны. Паводле ягоных слоў, доўг складае 9 млрд грыўняў.

Падчас «Прамой лініі» 16 красавіка кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што цяперашнія ўкраінскія ўлады не аднаўляюць «ні сацыялку, ні эканоміку Данбасу». На жаль, нічога не робіцца. Як мы ведаем, сёння мы назіраем поўную блакаду Данбасу. Гэта тычыцца фінансавай сферы, гэта датычыцца выплат сацыяльных дапамог і пенсіяў», – падкрэсліў Пуцін.

МЯ, паводле liga.net

Стужка навінаў