Украіна ўвяла санкцыі супраць кіраўнікоў расейскіх медыяў


Гендырэктар тэлекампаніі «Первый канал» Канстанцін Эрнст. Фота pravda.com.ua

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка сваім указам пашырыў спіс асобаў, супраць якіх уводзяцца персанальныя санкцыі.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце кіраўніка Украіны.

Адзначаецца, што ў пераліку асоб, якія трапілі ў санкцыйны спіс, знаходзіцца генеральны дырэктар тэлекампаніі «Первый канал» Канстанцін Эрнст, галоўны рэдактар сайту Novorus.info Андрэй Суркоў, уладальнік холдынгу «Правда.Ру» Вадзім Гаршэнін, гендырэктар інфармацыйнага агенцтва «ТАСС» Сяргей Міхайлаў, былы гендырэктар тэлеканалу «LifeNews» Ашот Габрэлянаў, галоўны рэдактар тэлеканалу «Russia Today» Маргарыта Сіманьян.

Гэтыя санкцыі ўвялі супраць «фізічных асоб, якія ствараюць рэальныя і патэнцыйныя пагрозы нацыянальным інтарэсам, нацыянальнай бяспекі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, спрыяюць тэрарыстычнай дзейнасці ды парушаюць правы і свабоды грамадзяніна, прыводзяць да акупацыі тэрыторыяў і ствараюць перашкоды для паўнавартаснай рэалізацыі грамадзянамі Украіны належных правоў і свабодаў».

Усяго ў спісе асоб, якія трапляюць пад украінскія санкцыі, – 17 прозвішчаў. Асобам, якія знаходзяцца ў спісе, не выдадуць украінскіх візаў ды не пусцяць ва Украіну пры спробе ўезду.

МЯ, паводле pravda.com.ua

Глядзі таксама
Каментары