У Віцебску пачынаецца суд над «Тэрор-машынай», меркаваным байцом батальёну «Азоў»


У Віцебскім абласным судзе пачынаецца разгляд крымінальнай справы 20-гадовага Станіслава Ганчарова, вядомага як «Тэрор-машына». Маладзёна вінавацяць у асабліва злосным хуліганстве, распальванні варожасці ды іншых злачынствах.

Разам з меркаваным байцом «Азова» судзяць яшчэ 5 ягоных паплечнікаў. Праз тое, што справа датычыць «грамадскай маральнасці ў сферы палавога жыцця», судовы працэс будзе закрытым.

«Тэрор-машыну» затрымалі ў красавіку сёлета пасля вяртання з Данбаса. Яго падазраюць ува ўжыванні гвалту супраць няпоўнагадовых. Разам з футбольнымі фанатамі ён прымусіў двух 13-гадовых падлеткаў адрачыся ад антыфашысцкага руху і прадэманстраваць нацысцкае вітанне. Відэа здзекаў трапіла ў інтэрнэт.

Праваахоўныя органы таксама праводзілі праверку адноснага ягонага ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны ў складзе батальёну «Азоў». Сам Ганчароў пасля затрымання заявіў, што на Данбасе не ваяваў, а працаваў валанцёрам.

У «Азове» ён служыў пад пазыўным «Беларус» і не афішаваў сябе,  але сярод саслужыўцаў меў вялікі аўтарытэт праз сваю бескампраміснасць. З татуіровак хлопца вынікае, што той прытрымліваецца неанацысцкіх поглядаў. Вядома, што віцяблянін ваяваў у якасці кулямётчыка і быў двойчы паранены. Праваахоўныя органы не выключаюць ягонага ўдзелу ў марадзёрстве і ўжыванні гвалту да мірнага насельніцтва.

Адпаведную крымінальную справу ў дачыненні байцоў «Азова» расследуюць праваахоўнікі Украіны. Што ж датычыць беларускіх праваахоўнікаў, то ніводнай справы на байцоў за так званыя ДНР і ЛНР яны да суда не давялі. А вось усе беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны, на радзіме застаюцца пад пагрозаю крымінальнага пераследу.

 

У Беларусі нядаўна затрымалі таксама праваслаўнага святара-неанацыста з татуіроўкай свастыкі. Яго падазраюць у захоўванні боепрыпасаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў