У Менску затрымалі яшчэ аднаго добраахвотніка, якія вярнуўся на радзіму


Байца «Азова», 20-гадовага ўраджэнца Віцебску Стаса па мянушцы «Тэрор-Машына» некалькі дзён таму затрымалі ў Менску, паведамляе «Наша Ніва». Гэтую інфармацыю спраўдзілі ў «Азове».

Прозвішча хлопцу мала каму вядомае, у «Азове» ён служыў пад пазыўным «Беларус» і не афішаваў сябе. Але сярод саслужыўцаў меў вялікі аўтарытэт праз сваю бескампраміснасць.

«Ён збіраўся ехаць у Беларусь, казаў, што яму тут усё абрыдла, хоць і кіраваў тут узводам маладых. Казаў, маўляў, я не магу, як хачу дахаты. Яго адмаўлялі, канешне, казалі: табе ж канец там. Але ён, можа, думаў, што яго не пазнаюць і не пасадзяць. І праўда, дні чатыры ён выходзіў на сувязь з Беларусі, а потым усё, знік. Яшчэ праз дзень паведаміў, што яго «прынялі», і ўся інфармацыя, якая можа ісці цяпер ад яго імя, будзе правакацыяй», – распавялі ў «Азове».

Некаторыя адзначалі, што Беларус стаў легендай у батальёне.

«Таксама цяпер на ўсходзе ваюе хлопец з вашых, не памятаю пазыўны, – апісваў яго інструктар трэніровачнай базы «Азова». – Карацей, ён выбіў сабе на галаве татуіроўку «Тэрор-машына» і наводзіць жах на «сепараў». Хлопцы казалі, што падчас бою ў Шырокіна армія адступала і пакінула боекамплект. Дык калі «Азоў» наступаў, то гэты беларус некалькі тысяч патронаў адзін выстральнуў, адцягваючы на сябе агонь «сепараў», пакуль нашыя іх з бакоў абыходзілі. Потым палонныя казалі, што яны думалі, што там чалавек 10 па іх страляе – так хутка «тэрор-машына» пазіцыі мяняў. Пры гэтым яму гадоў 20, здаецца».

Са старонкі «Беларуса» «УКантакце» вынікае, што той прытрымліваўся неанацысцкіх поглядаў.

азовец «Беларус»
азовец «Беларус»

На грудзях у яго набіта 88 – гэта лічбавая абрэвіятура, якая азначае «Хайль Гітлер». З іншага боку – герб асаблівага батальёну СС «Дзірлевангер». За часамі Трэцяга Рэйху ў гэты батальён набіралі злачынцаў-рэцыдывістаў наўпрост з турмаў. На тэрыторыі Беларусі байцы СС «Дзірлевангер» вылучаліся крайняй жорсткасцю, узяўшы ўдзел у дзясятках карных аперацый. У «заслугах» гэтага батальёну – тысячы жыццяў беларусаў. «УКантакце» азовец «Беларус» мае нікнэйм сугучны з імем аднаго з брыгадэфюрэраў СС.

Пакуль невядома, якое абвінавачванне яму можа быць высунутае.

Тыя, хто ведае Стаса, пішуць у сацыяльных сетках, што ўсе цяперашнія паведамленні ад хлопца – правакацыя.

ДР, belsat.eu паводле nn.by

Стужка навінаў